У Генэральнай пракуратуры Літвы паведамілі, што сьледчыя ўпраўленьня па расьсьледаваньні спраў аб арганізаванай злачыннасьці і карупцыі вядуць дасудовае расьсьледаваньне паводле факту шпіянажу і падазрэньня ў супрацоўніцтве грамадзян Літвы зь беларускімі ўладамі.
«Наяўныя ў дасудовага сьледзтва зьвесткі дазваляюць абгрунтавана меркаваць, што падазраваныя пры выкананьні заданьняў адпаведных беларускіх структур зьбіралі зьвесткі, якія цікавяць замежную выведку, перадавалі іх заказчыку і атрымлівалі за гэта ўзнагароджаньне», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні Генпракуратуры Літвы.
У той жа час у ведамстве не ўдакладнілі, якую колькасьць грамадзян Літвы затрымалі паводле падазрэньня ў шпіянажы (частка 2 артыкула 119 Крымінальнага кодэксу Літвы).
Затрыманых абвінавачваюць у зборы і перадачы незасакрэчанай інфармацыі пра літоўскае войска, добраахвотніцкія фармаваньні Нацыянальнай гвардыі, перамяшчэньні вайсковай тэхнікі і месцы яе дысьлякацыі, пра цывільныя аб’екты стратэгічнага значэньня.
«Больш падрабязную інфармацыю пра ход дасудовага расьсьледаваньня на гэты момант абнародаваць немагчыма», — падкрэсьлілі ў Генпракуратуры Літвы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы: беларускія спэцслужбы сочаць за літоўскімі дыпляматамі ў Менску для вэрбаваньняПра затрыманьне некалькіх грамадзян Літвы за супрацу зь беларускімі спэцслужбамі ў другой палове 2023 году гаварылася таксама ў дакладзе аб ацэнках пагрозаў нацыянальнай бясьпецы Літвы.
«Вельмі імаверна, што інфармацыя, перададзеная грамадзянамі Літвы замежным спэцслужбам, неабходная як беларускім, так і расейскім узброеным сілам пры рыхтаваньні плянаў патэнцыйнай ваеннай агрэсіі супраць суседніх краін», — адзначалася ў дакумэнце.