У Беларусі з 2020 году пад палітычны перасьлед трапілі 8000 жанчын

Палітзьняволеная актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк у судовай залі. Архіўнае фота

Праваабаронцы напярэдадні 8 сакавіка апублікавалі аналіз перасьледу жанчын за апошнія гады.

8 сакавіка адзначаецца Міжнародны дзень салідарнасьці жанчын у барацьбе за свае правы. Паводле праваабаронцаў «Вясны», менавіта за барацьбу за свае грамадзка-палітычныя правы і выказваньне свайго меркаваньня ў Беларусі са жніўня 2020 году перасьлед зазналі больш за 8000 жанчын.

Праваабаронцы паведамілі, што на сёньня ў Беларусі ў месцах няволі ўтрымліваюць 171 палітзьняволеную жанчыну.

У сувязі з пратэстамі супраць дзейнай улады і вайной ва Ўкраіне з 2020 году агулам былі асуджаныя мінімум 1033 жанчыны, зь іх 242 — на калёнію, 497 — на «хатнюю хімію», 70 — на «хімію», пяць жанчын — на арышт, дзьве — на прымусовае лячэньне. За гэты час асудзілі і вызвалілі з-за кратаў мінімум 321 жанчыну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Станавіся да сьцяны — мы цябе сфатаграфуем!» Былыя палітвязьні расказалі пра фота на свае біркі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вошы, блохі, прусакі, пацукі. Хто жыве ў беларускіх турмах разам зь вязьнямі