У 2023 годзе на міграцыйных маршрутах ва ўсім сьвеце загінулі як мінімум 8565 чалавек; такім чынам, гэты год заняў стаў самым сьмяротным з моманту пачатку назіраньняў (дзесяць гадоў таму).
Пра гэта паведаміла Міжнародная арганізацыя міграцыі ААН (МАМ).
Паводле справаздачы арганізацыі, колькасьць загінулых у 2023 годзе на 20% большая за паказьнік 2022 году. У сваю чаргу, леташні паказьнік перавысіў папярэдні, дасягнуты ў 2016 годзе, калі падчас міграцыі загінулі 8084 чалавекі.
У заяве МАМ падкрэсьліваецца, што гэтыя зьвесткі «сьведчаць аб неабходнасьці прыняцьця тэрміновых захадаў для прадухіленьня далейшай гібелі людзей».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За тры дні сакавіка мігранты зрабілі ўдвая больш спробаў трапіць зь Беларусі ў ЭЗ, чым за ўвесь студзеньМАМ адзначае, што, паколькі бясьпечныя і рэгулярныя шляхі міграцыі даступныя далёка ня ўсім, сотні тысяч людзей штогод спрабуюць міграваць па нелегальных маршрутах у небясьпечных умовах.
Пераход праз Міжземнае мора застаецца самым небясьпечным маршрутам для мігрантаў: летась тут зарэгістравалі ня менш як 3129 сьмерцяў і зьнікненьняў.
Праект МАМ «Зьніклыя мігранты» быў распрацаваны ў 2014 годзе як база дадзеных аб сьмерцях і зьнікненьнях мігрантаў, якая знаходзіцца ў адкрытым доступе. З тых часоў у рамках праекту задакумэнтавалі больш за 63 000 выпадкаў па ўсім сьвеце, хоць сапраўдная іх колькасьць, паводле наяўных ацэнак, значна вышэйшая з-за праблем са зборам дадзеных, асабліва ў аддаленых рэгіёнах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праз два гады мігранцкага крызісу беларускія памежнікі зьвярнулі ўвагу на нелегалаў: «Зьдзяйсьняюць крадзяжы і падпалы»