Лукашэнка даў новую працу намесьніку кіраўніка сваёй аховы

Палац Незалежнасьці. Менск

Мікалая Шкрэда прызначылі першым намесьнікам кіраўніка справаў Лукашэнкі. Адпаведны ўказ нумар 82 падпісаў 6 сакавіка сам Лукашэнка.

Да гэтага часу Мікалай Шкрэд займаў пасаду намесьніка начальніка Службы бясьпекі прэзыдэнта. На гэтай пасадзе ён знаходзіўся зь верасьня 2021 году, асабіста ахоўваў Лукашэнку.

Мікалаю Шкрэду 42 гады, ён займаўся самба і дзюдо, быў пераможцам першынства сьвету па самба сярод юнакоў. Гуляў у аматарскай хакейнай камандзе «Шчыт» на першынство Менску, правёў 25 матчаў.

Першым кіраўніком КСП стаў Іван Ціцянкоў, паплечнік Аляксандра Лукашэнкі з пачатку 1990-х. Пры Ціцянкову Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта ператварылася ў бізнэс-імпэрыю, падмяўшы пад сябе даходныя галіны дзяржаўнай гаспадаркі. Фінансавы бок дзейнасьці кіраўніцтва заўсёды быў невядомы ня толькі грамадзтву, але і Вярхоўнаму Савету, а затым і Палаце прадстаўнікоў.

Пасьля Ціцянкова пасаду кіраўніцы спраў прэзыдэнта заняла Галіна Жураўкова. Пры ёй бізнэс-імпэрыя яшчэ больш пашырылася, створаныя пры кіраўніцтве кампаніі фактычна манапалізавалі нафтавы і тытунёвы рынкі. У 2004 годзе Жураўкову арыштавалі і за крадзеж больш як трох мільёнаў даляраў асудзілі на 4 гады пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці. Аднак яна паклялася ў вернасьці Лукашэнку, кампэнсавала страты і была памілаваная.

У 2022 годзе Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта ўзначаліў Юры Назараў, які да гэтага быў на пасадзе намесьніка прэм'ер-міністра. Ён быў куратарам разьвіцьця машынабудаваньня, нафтахіміі, дрэваапрацоўкі, навукі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ахвяры маўчаць, мы будзем крычаць». Арганізатарка і ўдзельнік акцыі #хопіцьгвалціць тлумачаць, што зьменіць марш «Яе звалі Ліза»