Пасьля трагедыі з забойствам дзяцей у Воршы сваіх пасад пазбавіліся два чыноўнікі райвыканкама: Андрэй Загурскі, начальнік аддзела адукацыі, і Віктар Калачоў — намесьнік старшыні райвыканкама, паведамляе сайт Orsha.eu.
Загурскі працаваў начальнікаў аддзела амаль 15 гадоў. Калачоў доўгі час займаў пасаду кіраўніка спраў выканкама, а ў апошні час працаваў намесьнікам старшыні.
14 лютага ў адной з кватэр у Оршы знайшлі целы чатырох дзяцей з прыкметамі ўдушэньня. Ім было ад 1 да 8 гадоў. Іх 36-гадовая маці спрабавала зьдзейсьніць суіцыд. Жанчыну затрымалі па падазрэньні ў забойстве. Пазьней яна памерла ў бальніцы.
Як распавялі ў пракуратуры, у сям’і было шасьцёра дзяцей ад розных бацькоў, якія вялі амаральны лад жыцьця і з дзецьмі не пражывалі. У адносінах да сямʼі праводзіліся сацыяльныя расьсьледаваньні. У студзені дзеці былі прызнаны такімі, што знаходзяцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы. Пракуратура абяцала даць «прынцыповую прававую ацэнку» дзеяньням усіх кампэтэнтных службаў у частцы абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей у гэтай сямʼі.
Генэральны пракурор Андрэй Швед расказаў, што прыняць да вядзеньня крымінальную справу аб забойстве чатырох дзяцей у Воршы было яго рашэньнем, піша «БелТА».
«Яшчэ месяц таму было прынята рашэньне аб тым, каб гэтую сям’ю ў СНС (сацыяльна небясьпечнае становішча. — РС) перавесьці. Месяц ляжала рашэньне без выкананьня. Вядома, у гэтым трэба разьбірацца. Чаму толькі месяц таму, а ня год, ня два», — так адказаў Швед на пытаньні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, якія тычацца гэтай гучнай справы.
«Прынялі рашэньне, а чаму не рэалізавалі, чаму гэтая маці не магла накарміць гэтых дзяцей?» — падкрэсьліў генпракурор.
І пэўныя службовыя асобы пра гэта ведалі, дадаў Андрэй Швед.
17 лютага стала вядома, што 36-гадовая Ірына Куранкова, падазраваная ў нядаўнім забойстве чатырох дзяцей, памерла ў шпіталі, дзе знаходзілася апошнія дні. Пра гэта паведаміў сайт orsha.eu са спасылкай на крыніцы, зьвязаныя зь сям’ёй жанчыны.
14 лютага ў кватэры дома № 3 па вуліцы Завадзкага ў Воршы знайшлі целы чатырох дзяцей. Яны былі задушаныя. Дзьверы адчыніла сваімі ключамі бабуля дзяцей, бо ніхто знутры не адчыняў. Ірына Куранкова пасьля спрабавала скончыць жыцьцё самагубствам, парэзаўшы сабе вены.
Жанчыну ўратавалі, яе далейшы лёс быў невядомы — або суд і турэмны тэрмін, або лячэньне ў псыхіятрычнай лякарні. Адказ на ўсе пытаньні мелі даць экспэртызы, але падазраваная сканала ў шпіталі ўвечары 16 лютага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Масавае забойства ў Воршы. Знайшлі чатыры дзіцячыя целы