Масавы суд у Баранавічах за ўдзел у пратэстах
У Баранавічах судзяць адразу васьмярых чалавек.
6 сакавіка ў судзе гораду Баранавічы Анастасія Паўлечка пачала разглядаць справу паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу («арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).
У ёй адразу восем абвінавачаных: Аляксандар Лявончык, Яўген Цыбулька, Юры Хаванскі, Міхаіл Петраш, Філіп Сьцёпін, Вячаслаў Баравік, Крысьціна Дыдышка-Чаркашына і Іван Дыдышка.
Вядома, што Вячаслаў Баравік у відэа, апублікаваных у праўладным канале, казаў пра свой удзел у адным з Маршаў у 2020 годзе. Імаверна, астатніх абвінавачаных затрымалі з той жа нагоды, піша «Вясна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу: пастара з Новалукомля арыштавалі на 15 сутак за малітву аб УкраінеДваіх жыхароў Горадні аштрафавалі за атрыманую ад ініцыятывы INeedHelp дапамогу
Выхавальніцу і самазанятага з Горадні судзілі за парушэньне дэкрэту аб замежнай бязвыплатнай дапамозе — за дапамогу, атрыманую ад ініцыятывы INeedHelp, паведамляе Hrodna.life.
Суд палічыў, што яны садзейнічалі экстрэмісцкай дзейнасьці і «неправамерна легітымізавалі злачынцаў», у тым ліку надаючы ім «псэўдастатус палітвязьняў». Згодна з матэрыяламі справы, выхавальніца атрымала прадукты на суму 1651 рубель, самазаняты — на 6540 рублёў. Яны мусяць аддаць гэтыя грошы дзяржаве і заплаціць па 1200 рублёў штрафу.
Пасьля студзеньскага рэйду сілавікоў у Беларусі пачалі масава судзіць людзей за «выкарыстаньне замежнай дапамогі для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці». Паводле інфармацыі праваабаронцаў, на канец лютага па гэтым артыкуле асудзілі больш за 100 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вясна»: Ня менш за 100 чалавек трапілі пад суд за атрыманьне «замежнай дапамогі» праз INeedHelpBYЖыхара Лунінца асудзілі на сем гадоў калёніі паводле пяці артыкулаў
Берасьцейскі абласны суд 4 сакавіка вынес прысуд 36-гадоваму жыхару Лунінца Аляксандру Паліўка, інкрымінаваўшы яму пяць крымінальных артыкулаў, звычайных для палітычных справаў:
- заклікі да санкцыяў (ч. 3 арт. 361 КК),
- стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзел у ім (ч. 3 арт. 361-1 КК),
- абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК),
- абразу Лукашэнкі (ч. 1 арт 368 КК),
- паклёп на Лукашэнку (ч. 2 арт. 367 КК).
Справу разглядала судзьдзя Сьвятлана Крамянеўская, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Аляксандра Паліўку затрымалі за камэнтары ў сацыяльных сетках. Напрыклад, Паліўка «абразіў» ужо памерлага міліцыянта. Невялікі камэнтар у адрас Лукашэнкі разьдзялілі на два артыкулы: абраза і паклёп.
Праваабаронцам вядома, што ў ліпені 2023 году Аляксандар быў пад вартай (што апратэстоўваў праз суд).
Абвінавачаньне запрасіла для Аляксандра Паліўкі сем гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, піша «Беларускае Радыё Рацыя». Менавіта такі прысуд вынесла судзьдзя Сьвятлана Крамянеўская.
Сілавікі затрымалі 5 жыхароў Бярозы за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе
Сілавікі затрымалі сама меней пяцярых жыхароў Бярозы за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе, відэа зь імі апублікаваў адзін з праўладных каналаў, блізкі за сілавікоў, заўважыла «Медиазона».
У роліку дэманструецца затрыманьне жыхароў Бярозы, аднаго мужчыну сілавікі паклалі на асфальт на вуліцы, яшчэ аднаго — на падлогу ў чарзе ў краме. Затрыманыя на відэа кажуць, што ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе, адзін зь іх называе сваю прафэсію — кіроўца-дальнабойнік. Двое з затрыманых стаяць перад камэрай у кайданках.
Па якіх менавіта артыкулах затрымалі жыхароў Бярозы і што зь імі цяпер — невядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 5 сакавіка: у Менску затрымалі студэнта і ягоную маці, у Магілёве — бухгальтарку; зноў судзілі Аляксея Раманава ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 4 сакавіка: у Бярозе затрымалі чатырох мужчын за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе