Навуковая супрацоўніца BEROC Віялета Панасевіч падчас прэзэнтацыі дасьледаваньня ў Вільні падзялілася эканамічнымі назіраньнямі за паводзінамі беларусаў, піша «Люстэрка».
Дасьледаваньне паказала, што ў траціны рэспандэнтаў зьнізіліся даходы. Гэта прыкладна такая ж доля, якая была ў папярэднім апытаньні, праведзеным у лістападзе летась. У ім удзельнічалі больш за 1 тысячу чалавек.
У той жа час зьмена курсу рубля да даляра і эўра перастала быць важнай прычынай, якая ўплывае на ўзровень даходаў. Але па-ранейшаму сярод асноўных прычын, якія на гэта паўплывалі, — рост цэнаў.
Тыя рэспандэнты, якія паведамілі аб зьніжэньні даходаў, прызналіся, што адкладаюць на будучыню буйныя пакупкі. На 9 адсоткаў пабольшала тых, хто стаў больш выдаткоўваць. У той жа час павялічылася колькасьць апытаных, якія эканомяць на ежы, і стала менш тых, хто робіць ашчаджэньні. Пры гэтым 21% апытаных заявілі, што зараз добры час ашчаджаць.
«Курс на дэдалярызацыю не прайшоў», — адзначыла эканамістка Віялета Панасевіч. 41% удзельнікаў дасьледаваньня аддалі б перавагу захаваньню ашчаджэньняў у замежнай валюце гатоўкай. 34% выбралі бы набыцьцё нерухомасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У студзені ў Беларусі зьнізіліся сярэднія заробкі, найбольш у ІТ. Расказваем, чаму так адбылося і што тармозіць эканомікуУ той жа час становіцца больш людзей, якія бачаць паляпшэньне эканамічнай сытуацыі ў краіне. Чвэрць апытаных сказалі, што іхнае матэрыяльнае становішча палепшылася.
Стала менш прыхільнікаў цэнавага рэгуляваньня ў параўнаньні з тым, колькі іх было ў самым пачатку адміністрацыйнага кіраваньня цэнамі. Тым ня менш у цэлым 61% падтрымлівае такое рэгуляваньне.
Пры гэтым большасьць хацела б альбо яго захаваць у ранейшым выглядзе, альбо нават узмацніць жорсткасьць цэнавага кантролю. Пры гэтым, паводле аналітыка, людзі разумеюць, якімі могуць быць наступствы. Яны называюць магчымае звужэньне асартымэнту тавараў, пагаршэньне фінансавага становішча кампаній.
Эканаміст Зьміцер Крук тлумачыць аптымізм насельніцтва высокімі тэмпамі росту рэальных заробкаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спрыяльная сытуацыя, якая існавала на расейскім рынку для беларускіх тавараў, амаль зьнікла, — эканаміст Крук