З восені 2020 году ў Беларусі паводле палітычна матываваных крымінальных абвінавачаньняў асудзілі 4.690 чалавек, гаворыцца ў аглядзе сытуацыі з правамі чалавека за люты 2024 году ад Праваабарончага цэнтру «Вясна».
На канец лютага ў Беларусі налічылі 1.410 палітычных зьняволеных (на 4 сакавіка — 1.405), сярод якіх 170 жанчын.
Ня менш за 1.560 палітвязьняў (361 жанчына) адбылі тэрмін і выйшлі на волю, былі асуджаныя на пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі, падпалі пад зьмену меры стрыманьня, амністыю ці памілаваньне.
Такім чынам, сумарная колькасьць былых і цяперашніх палітвязьняў «няўхільна расьце», іх агульная колькасьць наблізілася да 3000 (зь іх больш за 530 жанчын), зазначае «Вясна».
Праваабаронцы нагадалі, што 20 лютага памёр палітвязень, былы актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Леднік, асуджаны на 3 гады пазбаўленьня волі паводле арт. 367 (паклёп на Лукашэнку) за публікацыю ў партыйным часопісе «Пазіцыя». Ён стаў прынамсі пятым палітвязьнем, які памёр у часе адбыцьця пакараньня. Праваабарончая супольнасьць запатрабавала правесьці расьсьледаваньне для вызначэньня прычын яго сьмерці.
За люты 2024-га, паводле інфармацыі праваабаронцаў, зафіксавана не менш за 625 фактаў рэпрэсіяў (суды і затрыманьні), зьвязаных з крымінальным і адміністрацыйным перасьледам, мінімум 548 выпадкаў палітычна матываванага адміністрацыйнага разбору ў судзе. Судзьдзі прызначылі сама меней 95 адміністрацыйных арыштаў, 84 штрафы, тройчы — грамадзкія працы. Акрамя таго, больш за 100 чалавек — палітвязьняў і іхных блізкіх — асуджаныя ў адміністрацыйным парадку за атрыманьне прадуктовай дапамогі.
З 2023 году па-ранейшаму няма зьвестак аб лёсе шэрагу палітвязьняў: Марыі Калесьнікавай (з 15 лютага), Мікалая Статкевіча (з 10 лютага), Сяргея Ціханоўскага (з 9 сакавіка), Ігара Лосіка (з 20 лютага), Віктара Бабарыкі.
Доўгі час няма лістоў ад ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага, які знаходзіцца ў памяшканьні камэрнага тыпу (ПКТ) калёніі № 9 у Горках. Праваабаронца пазбаўлены тэлефонных перамоваў з роднымі, а таксама магчымасьці атрымліваць перадачы і лекі.
У дакумэнце таксама адзначана, што праведзеныя ў адзіны дзень галасаваньня 25 лютага выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Народнага сходу і мясцовых саветаў дэпутатаў «не адпавядалі міжнародным стандартам правядзеньня дэмакратычных і свабодных выбараў, а таксама суправаджаліся шматлікімі парушэньнямі выбарчага заканадаўства Беларусі».
Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі «па-ранейшаму застаецца крытычнай»; «працягваюцца рэпрэсіі ў адносінах да палітычных праціўнікаў рэжыму і іншадумцаў»; на гэтым фоне ўлады «дэманструюць ілюзію грамадзянскай згоды» і «ўсенароднай падтрымкі» іхнай палітыкі, адзначае «Вясна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія арганізацыі падтрымкі ахвяраў рэпрэсіяў аб’ядналіся ў «Службу хуткай гуманітарнай дапамогі» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На волю выйшаў палітвязень, які першым атрымаў палітычны прысуд пасьля выбараў 2020 году. Колькі палітвязьняў у Беларусі