Вярхоўны суд Расеі канчаткова адмовіў Надзеждзіну ў рэгістрацыі на выбары прэзыдэнта

Барыс Надзеждзін

Раней Вярхоўны суд адхіліў яшчэ два пазовы палітыка да ЦВК.

Рашэньне набыло моц.

Апэляцыйная калегія Вярхоўнага суду Расеі адхіліла скаргу Барыса Надзеждзіна на адмову ў рэгістрацыі яго кандыдатам у прэзыдэнты, паведамляе ягоны тэлеграм-канал. Рашэньне набыло моц. Сам Надзеждзін заявіў, што ня згодны з такім рашэньнем.

«Мне здаецца, што для краіны было б лепш, калі б грамадзяне маглі самі вырашыць, каго яны хочуць бачыць у бюлетэні. Сотні тысяч чалавек заявілі аб тым, што хочуць бачыць у ім мяне», — сказаў ён.

Акрамя таго, палітык аб’явіў, што ён з сваёй камандай рыхтуе наглядную скаргу ў прэзыдыюм Вярхоўнага суду.

«А там ужо рукой падаць да Канстытуцыйнага», — дадаў ён.

ЦВК раней адмовіла Надзеждзіну ў рэгістрацыі, прызнаўшы несапраўднымі каля 15% сабраных у яго падтрымку подпісаў, правераных камісіяй, пры дапушчальных 5%.

Раней Вярхоўны суд адхіліў яшчэ два пазовы палітыка да ЦВК. Адзін зь іх датычыўся аспрэчваньня формы сьпісу зьбіральнікаў подпісаў, іншы — аспрэчваньня формы ведамасьці.

Барыс Надзеждзін быў адзіным патэнцыйным кандыдатам на пасаду прэзыдэнта Расеі, які займаў антываенную пазыцыю і выступаў супраць палітыкі цяперашняга прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна.

Яго кампанія прыцягнула ўвагу пасьля таго, як каля яго штабоў пачалі выстройвацца вялікія чэргі ахвочых паставіць подпісы.

У штабе Надзеждзіна сьцьвярджаюць, што сабралі больш за 200 тысяч, у ЦВК падалі, як прадугледжана законам, крыху больш за 100 тысяч подпісаў.

8 лютага ЦВК адмовіла Надзеждзіну ў рэгістрацыі, знайшоўшы ў яго подпісах больш за 15% бракаваных подпісаў пры дапушчальных 5%.

  • Галасаваньне на выбарах прэзыдэнта Расеі адбудзецца з 15 да 17 сакавіка 2024 году.
  • Выбары ў Расеі незалежныя назіральнікі і экспэрты ацэньваюць як несвабодныя і несумленныя.
  • Улады ўмешваюцца ў выбарчы працэс, ствараюць перавагі праўладным кандыдатам, а ў шэрагу выпадкаў ідзецца аб простай фальсыфікацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адхіленьне Надзеждзіна ад удзелу ў выбарах азначае, што Крэмль вывучыў беларускія ўрокі, — Рудкоўскі