Украінская выведка: Беларусь таргуецца з Расеяй за вышэйшую цану частак для ракетных сыстэмаў «Град»

Расейская сыстэма «Град». Ілюстрацыйнае фота

Беларускае прадпрыемства павінна паставіць расейскаму ЗАТ «Спэцыяльнае канструктарскае бюро» 250 адзінак складнікаў, неабходных для вытворчасьці і рамонту рэактыўных сыстэмаў залпавага агню «Град».

У выведцы Міністэрства абароны Ўкраіны заявілі, што Расея не змагла дамовіцца зь Беларусьсю аб пастаўцы частак да рэактыўных сыстэмаў залпавага агню «Град», якія вырабляе беларускае ААТ «Волатаўта».

«Супярэчнасьці ўзьніклі ў часе сустрэчы, калі дэлегацыя „Волатаўта“ прэзэнтавала паперы з разьлікамі — кошт асобных відаў беларускай прадукцыі перавышаў чаканы расейцамі на 500-600%», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны.

Паводле вайсковай выведкі Ўкраіны, кантракт прадугледжвае, што беларускае прадпрыемства павінна паставіць расейскаму ЗАТ «Спэцыяльнае канструктарскае бюро» 250 адзінак частак, неабходных для вытворчасьці і рамонту рэактыўных сыстэмаў залпавага агню «Град».

«Пасьля напружаных перамоваў беларусы правялі дадатковую калькуляцыю і знайшлі „выхад“ для таньнейшых дэталяў: вырабляць складнікі будуць субпадраднікі, якія ня маюць адпаведных ліцэнзіяў. А гэта будзе азначаць зьніжэньне якасьці прадукцыі і, як вынік — павышаныя рызыкі выкарыстаньня сабраных з такіх дэталяў і вузлоў РСЗА „Град“», — адзначылі ў вайсковай выведцы Ўкраіны.

Беларускае ААТ «Волатаўта» і расейскае ЗАТ «Спэцыяльнае канструктарскае бюро» знаходзяцца пад міжнароднымі санкцыямі пасьля пачатку расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі складнік «Моцы новай арміі» Ўкраіны. Фотарэпартаж з выставы ў Кіеве

Да поўнамаштабнай агрэсіі Расеі супраць Украіны Беларусь пастаўляла шасі «Волат», якія выкарыстоўваліся для ўкраінскіх радыёлякацыйных станцыяў.