5 сакавіка Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з прэм’ер-міністрам Баўгарыі Нікалаем Дэнкавым, міністаркай замежных спраў краіны Марыяй Габрыэль і з мэрам Сафіі Васілам Тэрзіевым.
Таксама беларуская палітык выступіла перад камітэтам Нацыянальнага сходу ў справах Эўропы на запрашэньне старшыні камітэту Кірыла Петкава.
Прэм’ер Баўгарыі: Ніводная краіна не застрахаваная ад дыктатуры
Нікалай Дэнкаў выказаў падтрымку дэмакратычнаму руху і спадзяваньне на больш шчыльную супрацу паміж Баўгарыяй і прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў Беларусі. Ён падкрэсьліў, што Баўгарыя не прызнае выбараў, якія адбыліся ў Беларусі тыдзень таму.
«Беларусь — прыклад таго, як у высокаразьвітой эўрапейскай краіне могуць быць парушаныя дэмакратычныя правілы і ў выніку ўсталяваная дыктатура, якая не дазваляе разьвівацца апазыцыйнаму дэмакратычнаму руху», — заявіў Нікалай Дэнкаў.
Ён адзначыў, што «няма ніводнай краіны, якая была б застрахаваная ад такога разьвіцьця падзей».
Падчас сустрэчы Нікалай Дэнкаў і Сьвятлана Ціханоўская абмеркавалі сытуацыю зь беларускімі палітвязьнямі, шляхі прыцягненьня рэжыму Лукашэнкі да адказнасьці за саўдзел у вайне супраць Украіны і рэпрэсіі ў Беларусі, пра падтрымку беларусаў у выгнаньні, а таксама пра супрацу ў сфэры асьветы, культуры і адукацыі.
Ціханоўская адзначыла, што адна з мэтаў яе візыту — аднавіць адносіны паміж Баўгарыяй і Беларусьсю, якія зруйнаваў рэжым Лукашэнкі. Яна запрасіла Баўгарыю далучыцца да групы сяброў Беларусі ў АБСЭ і падтрымаць працу кантактнай групы ў Радзе Эўропы.
Міністарка замежных спраў: Баўгарыя будзе выдаваць шэнгенскія візы для беларусаў
На сустрэчы таксама прысутнічала намесьніца прэм’ер-міністра Баўгарыі — міністар замежных спраў Марыя Габрыель, якая «рашуча асудзіла саўдзел Беларусі ў зьверствах Расеі».
«Мы асуджаем ролю Менску як памагатага Расеі. Мы павінны быць пільныя ў дачыненьні да ўхіленьня ад санкцый. Мы падтрымліваем эўрапейскія памкненьні беларускага народу», — заявіла кіраўніца МЗС.
Таксама Марыя Габрыель заявіла, што «важна праводзіць адрозьненьне паміж беларускім рэжымам і беларускім народам» і што Баўгарыя «падтрымлівае імкненьне беларускага народу пабудаваць дэмакратычную дзяржаву» і працягне ўдзельнічаць ва ўсіх ініцыятывах ЭЗ і ААН, накіраваных на падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці.
Падчас сустрэчы абмеркавалі прыцягненьне рэжыму Лукашэнкі да адказнасьці і падтрымку грамадзянскіх ініцыятываў і СМІ, пытаньне легалізацыі беларусаў у Баўгарыі, праграму рэабілітацыі і адпачынку для дзяцей палітвязьняў і рэпрэсаваных і інш.
Таксама Ціханоўская ўзьняла пытаньне выдачы шматразовых шэнгенскіх візаў для беларусаў у Менску (праз пару тыдняў краіна далучаецца да шэнгенскай прасторы). Міністарка запэўніла, што Баўгарыя будзе выдаваць візы для беларусаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская наведае з афіцыйным візытам Баўгарыю, адносіны зь якой разьлічвае аднавіць ЛукашэнкаТаксама Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з мэрам Сафіі Васілам Тэрзіевым. Яна папрасіла мэра падтрымліваць падтрымліваць беларускую дыяспару ў Сафіі, а таксама падтрымаць стажыроўкі для прадстаўнікоў «Кадравага рэзэрву» пры АПК і запрасіць прадстаўнікоў беларускага бізнэсу за мяжой у праграмы падтрымкі бізнэсу і разнастайныя інкубатары. Таксама абмеркавалі супрацу ў сфэры асьветы і культуры.
У Баўгарыі створаць групу сяброў дэмакратычнай Беларусі
Ціханоўская правяла сустрэчу са сьпікерам парлямэнту Расэнам Жэлязковым, выступіла перад камітэтам па эўрапейскіх справах і сустрэлася з парлямэнтарамі.
Сьпікер сказаў, што Баўгарыя спыніла супрацу з рэжымнай Палатай прадстаўнікоў і не прызнае так званыя «выбары», якія адбыліся ў лютым. Таксама ён пацьвердзіў, што ў парлямэнце ствараецца група сяброў дэмакратычнай Беларусі, і выказаў спадзяваньне, што эўрапейскія палітыкі будуць больш рашучыя ў падтрымцы Беларусі.
Ціханоўская: «Важна ізаляваць рэжым, але не ізаляваць людзей»
Падчас слуханьняў у камітэце Нацыянальнага сходу ў справах Эўропы абмеркавалі санкцыі, падтрымку для СМІ, праваабаронцаў, грамадзянскай супольнасьці, крытычную сытуацыю з палітвязьнямі, «выбары» ў Беларусі 2025 году, супрацу паміж моладзевымі арганізацыямі, студэнцкія абмены і стыпэндыі.
У сваёй прамове Ціханоўская адзначыла, што адчувае блізкасьць баўгарскага і беларускага народаў, бо «баўгары, як і беларусы, добра ведаюць, што такое жыць у ценю імпэрыі», і «ведаюць цану свабоды». У сваім выступе яна ўзгадала паралелі ў гісторыі Баўгарыі і Беларусі, а таксама імёны беларусаў, якія «зрабілі свой унёсак у баўгарскую свабоду». Яна расказала пра цяперашнюю палітычную сытуацыю ў Беларусі і рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі.
Яна адзначыла, што адным з практычных вынікаў яе візыту было б стварэньне ў баўгарскім парлямэнце групы за свабодную Беларусь, і запрасіла ўдзельнікаў сустрэчы далучыцца да групы, а таксама заклікала іх арганізаваць слуханьні аб сытуацыі ў Беларусі ў парлямэнцкіх камітэтах. Таксама Ціханоўская папрасіла чальцоў камітэту зьвярнуць асаблівую ўвагу на сытуацыю з парушэньнямі правоў чалавека, палітвязьнямі, уцягваньнем рэжыму Лукашэнкі ў вайну і разьмяшчэньнем ядзернай зброі ў Беларусі.
Сьвятлана Ціханоўская ўзяла ўдзел і ў публічнай лекцыі, арганізаванай Сафійскім унівэрсытэтам Клімента Охрыдзкага. Тэма форуму: «Супраціўленьне беларускай апазыцыі вайне ва Ўкраіне і рэжыму ў Беларусі».
Гэта першы візыт Сьвятланы Ціханоўскай у Баўгарыю. Баўгарыя ўваходзіць у Эўрапейскі Зьвяз, NATO і Раду Эўропы. Яна таксама адзін з заснавальнікаў АБСЭ і тройчы займала месца ў Радзе Бясьпекі ААН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вывад расейскіх войскаў і мірнае разьвязаньне сытуацыі. Як у сьвеце адрэагавалі на зварот Прыднястроўя да Расеі