Басманны суд Масквы завочна арыштаваў былога амбасадара Ўкраіны ў Казахстане Пятра Ўрублеўскага, паведамляе ТАСС. Супраць яго распачалі крымінальную справу аб экстрэмізьме.
Таксама аб’яўлены фэдэральны і міжнародны вышук украінскага дыплямата.
Падставай для крымінальнага перасьледу Ўрублеўскага ў Расеі стала яго інтэрвію ў жніўні 2022 году, калі ён яшчэ быў на пасадзе амбасадара Ўкраіны ў Казахстане. Дыплямат заявіў: «Чым больш мы заб’ем расейцаў зараз, тым менш давядзецца забіваць нашым дзецям».
У МЗС Казахстану заявілі, што правялі з Урублеўскім гутарку, пасьля чаго той выбачыўся за сваё выказваньне.
Таксама МЗС Казахстану назваў статус пасла непажаданым і анансаваў яго замену, у кастрычніку прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі звольніў Урублеўскага, а Сьледчы камітэт Расеі пачаў праверку. Прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава назвала Ўрублеўскага «бандэраўскім эмісарам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасол Украіны ў Казахстане страціў пасаду пасьля словаў пра неабходнасьць забіць як мага больш расейцаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тысячы беларусаў у расейскім сьпісе на вышук: жаўнеры-добраахвотнікі, блогеры, палітыкі