У Адэсе пад заваламі знайшлі целы яшчэ дваіх дзяцей, — мясцовыя ўлады

Дом, разбураны ўдарам расейскага дрона, Адэса, 2 сакавіка 2024

Целы 10-гадовага хлопчыка і яго 8-гадовай сястры знайшлі пад заваламі шматпавярховага дому ў Адэсе, ў які 2 сакавіка трапіў расейскі бесьпілётнік «Шахед», паведаміў журналістам увечары 3 сакавіка Алег Кіпер, кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі.

«Яшчэ адно памерлае дзіця — дзяўчынка Злата. Ёй было восем гадоў. Зараз ратавальнікі дэблякуюць іхныя з братам Сяргеем целы», — напісаў кіраўнік АВА.

Раней ён паведаміў, што ратавальнікі знайшлі пад заваламі цела 10-гадовага хлопчыка.

Колькасьць загінулых у Адэсе вырасла да 12 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія войскі ў ноч на 2 сакавіка атакавалі зь бесьпілётнікаў Адэсу і Харкаў

Раней Дзяржаўная служба надзвычайных сытуацыяў Украіны ў Адэскай вобласьці паведаміла, што пад заваламі шматпавярховага дому ў Адэсе могуць быць яшчэ чатыры чалавекі.

Ратавальныя працы працягваюць, пад заваламі яшчэ могуць заставацца людзі.

3 сакавіка ў Адэсе абвясьцілі днём жалобы.

У выніку трапляньня бесьпілётніка адзін пад’езд дзевяціпавярховага жылога дому практычна цалкам разбураны. 18 кватэраў у гэтым доме зьнішчана і, паводле папярэдніх зьвестак, яшчэ 7 пашкоджаныя, паведаміла мэрыя гораду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «31 тысяча ўкраінскіх вайскоўцаў загінула ў гэтай вайне». Зяленскі адказаў на пытаньні журналістаў

Расейскія вайскоўцы мэтанакіравана ўдарылі па жылым доме ў Адэсе, побач не было ніякіх вайсковых абʼектаў, — сьцьвярджае генэральны пракурор Украіны Андрэй Косьцін. «Гэта ня проста абстрэлы, гэта палітыка, накіраваная на тэрор і зьнішчэньне ўкраінцаў. Гэта атака на жылы дом...» — прыводзіць яго словы «РБК-Украіна».

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, камэнтуючы ўдар па Адэсе, заявіў, што Ўкраіне неабходна ад яе партнэраў больш сродкаў супрацьпаветранай абароны , каб абараніць людзей.

Паводле зьвестак Сілаў абароны поўдня Ўкраіны, у ноч на 2 сакавіка расейскае войска атакавала Адэскую вобласьць васьмю дронамі «Шахед». Сем зь іх удалося зьбіць. Расея ўдары па Адэсе пакуль не камэнтавала.