У сталіцы Сэрбіі пройдуць паўторныя выбары. Іх правядзеньня дабілася апазыцыя

Пратэст у Бялградзе пасьля муніцыпальных выбараў, 30 сьнежня 2023

У Сэрбіі ўрадавая партыя пагадзілася на правядзеньне ў Бялградзе новых муніцыпальных выбараў — пасьля масавых пратэстаў апазыцыі і нэгатыўных ацэнак галасаваньня, праведзенага 17 сьнежня мінулага году, з боку Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ.

Апазыцыя абвінавачвала ўлады ў фальсыфікацыях на выбарах у Бялградзе, сьцьвярджаючы, што афіцыйныя вынікі галасаваньня, паводле якіх ніводная палітычная сіла не атрымала большасьці, не адлюстроўваюць волю выбарнікаў. У канцы сьнежня і студзені ў Бялградзе праходзілі масавыя пратэсты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ тры лідэры сэрбскай апазыцыі спынілі галадоўку пасьля паўзы ў пратэстах

28 лютага Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ ў сваім дакладзе пра выбары ў Сэрбіі адзначыла шматлікія парушэньні дэмакратычных стандартаў падчас галасаваньня, у прыватнасьці стварэньне пераваг у СМІ для ўрадавай Сэрбскай прагрэсіўнай партыі прэзыдэнта Аляксандра Вучыча, а таксама нямэтавае выкарыстаньне грамадзкіх фондаў.

У дакладзе гаворыцца, што для ўдзельнікаў выбараў былі створаны няроўныя ўмовы. Хоць прамых абвінавачаньняў у фальсыфікацыях не прагучала, выканаўца абавязкаў мэра Бялграда і намесьнік старшыні ўрадавай партыі Аляксандр Шапіч 2 сакавіка абвясьціў, што партыя «не баіцца» новых выбараў і згодна на іх, каб дамагчыся поўнай легітымнасьці галасаваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ​​Інтэрпол заблякаваў доступ да зьвестак беларускага кінарэжысэра, якога хочуць экстрадаваць у Беларусь

Раней сур’ёзна паставіцца да высноў місіі АБСЭ і правесьці ў Бялградзе паўторнае галасаваньне заклікаў сам прэзыдэнт Вучыч. Пры гэтым раней прадстаўнікі ўладаў называлі пратэсты апазыцыі «спробай каляровай рэвалюцыі».

Дата новага галасаваньня павінна быць прызначаная на працягу 30 дзён.

Апазыцыйная кааліцыя «Сэрбія супраць гвалту» назвала згоду ўладаў правесьці новыя выбары сваёй вялікай перамогай.

Як адзначае Балканская служба Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, прэзыдэнт Вучыч, выступаючы з нацыяналістычных пазыцый і не разрываючы сувязяў з Расеяй, у той жа час імкнецца захаваць добрыя адносіны з Эўрапейскім зьвязам. Сэрбія зьяўляецца кандыдатам на ўступленьне ў ЭЗ.