Гомельскі абласны суд 15 сакавіка разгледзіць справу аб ліквідацыі пошукавага грамадзкага аб’яднаньня «Ніколі не забудзем», вынікае з раскладу на сайце электроннага судаводзтва, заўважыла выданьне «Позірк». Прычыны ліквідацыі невядомыя.
З пазовам у суд зьвярнулася галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Гомельскага аблвыканкама.
Пошукавае грамадзкае аб’яднаньне «Ніколі не забудзем» зарэгістравана ў 2018 годзе ў Добрушы (Гомельская вобласьць). Займаецца пошукам парэшткаў савецкіх салдат, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне, артэфактаў тых гадоў, дасьледаваньнем архіўных дакумэнтаў з мэтай устанаўленьня месцаў баявых дзеяньняў на тэрыторыі вобласьці.
Арганізацыя ляяльная ўладам, пра яе рэгулярна пішуць дзяржаўныя СМІ. Летась яе кіраўніка Мікалая Басянкова ўзнагародзілі юбілейным мэдалём «85 гадоў Гомельскай вобласьці». З гэтай нагоды раённая газэта «Добрушскі край» пісала, што мэдаль Басянкоў атрымаў «за асабісты ўнёсак у захаваньне гістарычнай праўды аб Вялікай Айчыннай вайне, раскрыцьцё фактаў генацыду беларускага народа», а сама ён адзначыў, што «рады, што наша важная справа падтрымліваецца ўладай».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За 2023 год у Беларусі ліквідавалі больш за 330 некамэрцыйных арганізацый, сярод іх аб’яднаньні нацыянальных меншасьцяў, — LawtrendУ 2023 годзе Міністэрства юстыцыі правяло «кантрольныя мерапрыемствы» ў дачыненьні да больш чым тысячы грамадзкіх аб’яднаньняў. У выніку праверак 410 некамэрцыйным арганізацыям вынесьлі пісьмовыя папярэджаньні. На падставе пазоваў Міністэрства юстыцыі суды ліквідавалі 11 палітычных партый, 107 грамадзкіх аб’яднаньняў, 2 фонды.
Паводле зьвестак праваабарончай арганізацыі Lawtrend, на канец студзеня 2024 году ў працэсе прымусовай ліквідацыі знаходзіліся сама меней 969 некамэрцыйных арганізацый, рашэньне аб самастойнай ліквідацыі прынялі яшчэ сама меней 564 арганізацыі. Праваабаронцы адзначаюць, што рашэньне аб самаліквідацыі прымаецца перш за ўсё з прычыны ціску на чальцоў, супрацоўнікаў НКА, неспрыяльнага прававога асяродзьдзя, агульнай грамадзка-палітычнай сытуацыі ў краіне.
Агулам грамадзкі сэктар Беларусі, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў ужо сама меней 1533 некамэрцыйныя арганізацыі (грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы, палітычныя партыі, фонды, недзяржаўныя ўстановы, асацыяцыі, рэлігійныя арганізацыі).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У 2023 годзе Мінюст дамогся ліквідацыі 107 аб’яднаньняў, 11 партый, 2 фондаў