Мужчыну, які адміністраваў групу ў «Одноклассниках», абвінавачваюць у адмаўленьні генацыду беларускага народа (ч. 1 арт. 130-2 Крымінальнага кодэксу Беларусі), абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК) і грубым парушэньні грамадзкага парадку (ч. 1 арт. 342 КК), паведамляе Сьледчы камітэт.
Паводле СК, зь лістапада 2021 году ён публікаваў у групе паведамленьні на тэму гісторыі і нібыта расказваў падпісантам, што «зьверствы, учыненыя на тэрыторыі Беларусі, памылкова прыпісаныя нацысцкім акупантам» і «што сусьветна вядомая „Хатынь“ пацярпела ад рук партызан».
МУС піша, што гэта першы выпадак, калі ў Беларусі прыцягваюць да адказнасьці за адмаўленьне генацыду. Магчыма, гаворка ідзе пра першае затрыманьне паводле гэтага артыкулу, бо крымінальныя справы паводле яго ўжо заводзілі раней.
Так, у студзені 2024 году Генпракуратура Беларусі завяла крымінальную справу за адмаўленьне генацыду беларускага народу на аўтара «Радыё Свабода» Сяргея Дубаўца. Яшчэ ў жніўні 2022 году Генпракуратура завяла справу «па факце распаўсюджваньня групай неўстаноўленых асобаў на інтэрнэт-рэсурсах „Флагшток“ і „Зеркало“ інфармацыі аб адмаўленьні генацыду беларускага народа».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гісторыя на Свабодзе». Беларусаў ніколі не зьнішчалі за тое, што яны беларусы, — Леанід Сьмілавіцкі пра генацыд у Другую сусьветную вайну ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тэрор супраць беларусаў падчас вайны быў жахлівы, але гэта не генацыд», — дасьледчык Галакосту ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супраць каго скіраваны законапраект аб генацыдзе?