Пра гукі выбухаў і ўспышкі ў раёне прамзоны спачатку паведамілі ў мясцовых тэлеграм-каналах. «Экстранныя службы панесьліся ў бок заводу імя Сьвярдлова. Дарогу да прадпрыемства перакрылі», — пісалі ў пабліку «Мой Нижний Новгород» пра меркаваную атаку дронаў.
Пазьней атаку пацьвердзілі мэр Дзяржынску Іван Наскоў і Мінабароны РФ. «Ахвяраў і разбурэньняў няма, на месцы працуюць экстранныя службы. Прамысловыя аб’екты функцыянуюць у штатным рэжыме», — напісаў Наскоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея працягвае ўдары па Харкаўскай і Днепрапятроўскай абласьцяхПаводле інфармацыі Мінабароны Расеі, у ноч на 1 сакавіка над Ніжагародзкай вобласьцю былі «перахопленыя» тры дроны, яшчэ адзін бесьпілётнік «зьнішчаны» над Белгарадзкай вобласьцю.
Завод імя Сьвярдлова — горадаўтваральнае прадпрыемства Дзяржынску. На заводзе вырабляюць выбуховыя рэчывы, абаронную прадукцыю і прамысловую хімію.
Пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў расейскія рэгіёны рэгулярна прылятаюць баявыя дроны. Мінабароны Расеі сьцьвярджае, што атакі вядуцца ўкраінскім бокам. У большасьці выпадкаў Кіеў гэтыя паведамленьні не камэнтуе.