У Крывым Рогу расказалі, як у пачатку расейскага ўварваньня выкарысталі «БелАЗы», каб пазьбегнуць акупацыі

Кар'ерныя самазвалы БелАЗ. Ілюстрацыйнае фота

За два гады да пачатку Расеяй поўнамаштабнай вайны супраць Украіны кампанія «ArcelorMittal Кривий Ріг» набыла пяць 136-тонных кар’ерных самазвалаў БелАЗ.

Кіраўнік гарадзкой вайсковай адміністрацыі Крывога Рогу Аляксандар Вілкул паведаміў, як у пачатку ўварваньня Расеі вымушаны былі закладваць міны ў «БелАЗы» і ствараць зь іх загароду, каб спыніць расейскую вайсковую тэхніку і пазьбегнуць акупацыі.

«Менавіта ў гэты дзень два гады таму калёна ў 300 адзінак варожай тэхнікі пачала рухацца ў бок Крывога Рогу. 150 адсеклі нашы верталётчыкі на Баштанцы, 150 — дайшлі да Новага Бугу. А два БТРы варожай выведкі ўткнуліся ў выстаўленыя і замінаваныя „БелАЗы“ на мікалаеўскім кірунку», — паведаміў Аляксандар Вілкул.

Кіраўнік Крывога Рогу паведаміў, што «БелАзы» перадаў Новакрывароскі горна-ўзбагачальны камбінат, які ўваходзіць у склад групы «ArcelorMittal Кривий Ріг».

За два гады да пачатку Расеяй поўнамаштабнай вайны супраць Украіны кампанія «ArcelorMittal Кривий Ріг» набыла пяць 136-тонных кар’ерных самазвалаў БелАЗ.

З 2015 году кампанія «ArcelorMittal Кривий Ріг» набыла для сваіх прадпрыемстваў 26 кар’ерных самазвалаў, а таксама іншай тэхнікі вытворчасьці Беларускага аўтамабільнага заводу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне паведамілі аб заканчэньні абмежаваньняў на пастаўкі беларускай прадукцыі з сталі, але гандаль спынены

Украіна спыніла гандаль зь Беларусьсю пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну і дазволіў з 24 лютага 2022 году скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.

У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцей між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крывы Рог, Дніпро, Запарожжа і Харкаў. Ад выбуху перакулілася маршрутка, дзясяткі пацярпелых ад ракетных удараў Расеі