Лукашэнка абурыўся вынікамі беларускіх футбалістаў і прыгразіў пазбавіць іх ільготаў

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Гульцы менскага «Дынама» разьмінаюцца перад матчам. Барысаў, 24 красавіка 2020 году

Аляксандар Лукашэнка 29 лютага сабраў нараду аб разьвіцьці беларускага футбола і назваў вынікі беларускіх футбалістаў «нікуды не прыдатнымі».

Лукашэнка запатрабаваў «навесьці парадак у спартовых клюбах» пад пагрозай пазбаўленьня іх ільготаў. Ён лічыць неапраўдана высокімі заробкі спартоўцаў і клюбных функцыянэраў.

«Парадак трэба навесьці на працягу бліжэйшага часу — у першым квартале. Ніхто не павінен атрымліваць ніякіх шалёных грошай. У адваротным выпадку вы будзеце ўсе пазбаўленыя льготаў. Клюбы на сваіх чыноўнікаў і іншых набліжаных мусяць зарабляць грошы самі. Няхай ідуць і просяць у спонсараў», — заявіў Лукашэнка, ацэньваючы сытуацыю ў беларускім футболе, яго цытуе БелТА.

На даклад выклікалі прэзыдэнт НАК Віктара Лукашэнку, віцэ-прэм’ера Ігара Петрышэнку, міністра спорту і турызму Сяргея Кавальчука, сябра Савета Рэспублікі Дзьмітрыя Баскава і кіраўніка АБФФ Мікалая Шарстнёва.

Лукашэнка адзначыў, што многія «пачынаюць выць» і скардзіцца на санкцыі, што беларускіх спартоўцаў і каманды не дапускаюць да міжнародных спаборніцтваў.

«Вас што, у Расею не пускаюць? Гэта самая спартыўная наймацнейшая дзяржава нашай плянэты, — сказаў Лукашэнка. — Я кажу: выйграйце ў расейцаў. Паспаборнічайце зь імі і прыйдзіце дакладзіце, што вы выступілі лепш, чым расейцы ва ўсіх відах спорту. І ад вас больш нічога ня трэба».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі прапанавалі ўключыць беларускія футбольныя клюбы ў расейскі чэмпіянат

Што датычыцца цяперашніх вынікаў у беларускім спорце ў цэлым, Лукашэнка ацаніў іх коратка: «Сорамна глядзець. Часам брыдка».

«Такі спорт народу не патрэбны. І зь бюджэту ніхто гэта фінансаваць ня будзе», — заявіў Лукашэнка.

Таксама ён пракамэнтаваў канфлікт паміж міністрам спорту і турызму Сяргеем Кавальчуком і старшынёй Асацыяцыі «Беларуская фэдэрацыя футбола» Мікалаем Шарстнёвым.

«Мяне што абурае: аказваецца, новы кіраўнік фэдэрацыі зь міністрам спорту нешта не падзялілі. Яны ня могуць працаваць адзін з адным. Цуды! Ды тамака жа дзяліць няма чаго!» — заявіў Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пытаньне вызваленьня палітвязьняў немагчыма зьвязаць з допускам беларускіх спартоўцаў на Алімпіяду, — Аляксандар Апейкін
  • Беларусь была фактычна адхіленая ад міжнароднага спорту неўзабаве пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў лютым 2022 году, якое падтрымаў афіцыйны Менск. Празь некалькі дзён пасьля пачатку вайны Міжнародны алімпійскі камітэт заклікаў спартовыя фэдэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў атлетаў з Расеі і Беларусі — гэту рэкамэндацыю неадкладна і масава прынялі да выкананьня.
  • Пры гэтым, для беларускага футболу зрабілі выключэньне і ён застаўся на міжнароднай арэне. Праўда, матчы ня могуць праходзіць на тэрыторыі Беларусі, а хатнія гульні павінны праводзіцца на нэўтральных палях і без гледачоў.
  • У сакавіка 2023 году МАК выпусьціў заяву, у якой рэкамэндаваў міжнародным фэдэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расейцам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах пры выкананьні шэрагу ўмоваў. Беларускія і расейскія атлеты могуць спаборнічаць «у якасьці індывідуальных нэўтральных спартоўцаў» (без выкарыстаньня сьцяга, гімна і іншай сымболікі сваіх дзяржаў) і толькі ў тым выпадку, калі яны «актыўна не займаліся падтрымкай баявых дзеяньняў» і не маюць дзейных кантрактаў з сілавымі і ваеннымі ведамствамі сваіх краін.
  • Шэраг Міжнароднах фэдэрацый у розных галінах спорту пасьля дапусьцілі беларусаў і расейцаў на турніры пад сваёй эгідай са шматлікімі абмежаваньнямі. Беларускі бок зь імі пагадзіўся з умовамі, у адрозьненьне ад расейскага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускіх спартоўцаў дапусьцілі на Алімпіяду ў Парыжы ў індывідуальным нэўтральным статусе. Каманды не дапушчаныя