Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн «па-ранейшаму знаходзіцца ў форме, неабходнай для выкананьня абавязкаў», заявіў ягоны лекар пасьля штогадовага мэдагляду, паведаміла агенцтва Associated Press.
Працэдура прыцягнула да сябе павышаную ўвагу, паколькі 81-гадовы Байдэн дабіваецца перавыбраньня ў лістападзе гэтага году.
Лекар Байдэна доктар Кевін О’Конар напісаў, што прэзыдэнт добра прыстасоўваецца да новай прылады, якая дапамагае кантраляваць апноэ ў сьне. Ён адчувае некаторы дыскамфорт у сьцягне, але таксама выконвае фізычныя практыкаваньні пяць разоў на тыдзень, паведаміла інфармагенцтва.
«Прэзыдэнт Байдэн — здаровы, актыўны, моцны 81-гадовы мужчына, які па-ранейшаму знаходзіцца ў форме, неабходнай для пасьпяховага выкананьня абавязкаў прэзыдэнта», — заявіў О’Конар у шасьцістаронкавым заключэньні па выніках мэдагляду, які праходзіў у Нацыянальным вайскова-мэдыцынскім цэнтры імя Ўолтара Рыда і працягваўся больш за дзьве з паловай гадзіны.
Паводле Associated Press, у заключэньні гаворыцца, што Байдэн «адчувае сябе добра і сёлетні мэдагляд ня выявіў новых праблем».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн назваў Пуціна «звар’яцелым сучым сынам». Што адказалі ў Крамлі