Ва Ўпраўленьні апэратыўных мерапрыемстваў інспэкцыі МПЗ па Менску прызналі, што да 2024 году не вылучалі блогераў, бізнэс-трэнэраў, бізнэсоўцаў у сфэры майнінгу і абарачэньня крыптавалют у якасьці «асобных кірункаў для кантролю», але паабяцалі зьмяніць гэта, бо нібыта «высокая рэнтабэльнасьць і ананімнасьць бізнэсу ў онлайн-сфэры спалучаная з рызыкамі як для кліентаў і даходаў бюджэту, так і для саміх уладальнікаў онлайн-бізнэсу».
Падатковая адзначае, што ўжо пасьпяхова выяўляе парушальнікаў у сфэры майнінгу і абароту крыптавалют, а ў пытаньні блогераў пакуль вывучае «ўсе аспэкты і спадарожныя рызыкі». У ведамстве расказалі пра выпадкі, калі блогеры нібыта хаваюць свае рэальныя даходы.
«Адзін блогер, зарэгістраваны ў якасьці індывідуальнага прадпрымальніка, проста „забыўся аб сваіх даходах у РФ“, у выніку чаго яму давялося даплаціць каля 200 000 рублёў падатку. Іншы блогер, які ажыцьцяўляе сваю дзейнасьць у якасьці фізычнай асобы, „забыўся“ падаць дэклярацыю аб даходах, і гэта каштавала яму 53 000 рублёў падатку і пені. Добра яшчэ тое, што нашы калегі працавалі зь імі ў „лайтавым рэжыме“», — расказалі ў інспэкцыі.
У ведамстве выказалі разуменьне, што, магчыма, «такія сытуацыі ўзьнікаюць з прычыны нізкай дасьведчанасьці платніка», і ў сувязі з гэтым заклікалі блогераў і іншых работнікаў онлайн-сфэры наведаць 29 лютага іх прэс-канфэрэнцыю «Асаблівасьці дэкляраваньня даходаў фізычных асобаў у 2024 годзе», каб пазьбегнуць памылак і праблемаў у будучыні.
«Ну, а калі знойдуцца такія, каму парады не патрэбныя, а выплату падаткаў яны лічаць анахранізмам, то да іх паслуг наша ўвага, час і кампэтэнцыі. Паверце, не пашкадуем... Паслужыце яскравым, хоць і няўдалым, прыкладам для большасьці калегаў па бізнэсе», — папярэдзілі ў Інспэкцыі па падатках і зборах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Плата за багаж у мэтро, падатак на «багатых». Пяць сьвежых прыкладаў, як улады спрабуюць выціснуць больш грошай зь беларусаў