Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб неабходнасьці падтрыманьня міжнароднай супольнасьцю ўвагі да сытуацыі ў Беларусі з правамі чалавека і стаўленьня ўладаў да палітвязьняў у турмах.
Як паведаміла выданьне «Позірк», Сьвятлана Ціханоўская зьвярнулася да прадстаўнікоў ЗША ў ААН і ў Радзе правоў чалавека ААН з заклікам падтрымаць рэзалюцыю аб Беларусі і прадоўжыць мандаты спэцыяльнага дакладчыка аб Беларусі і экспэртнай групы пры ААН, якая будзе займацца зборам доказаў злачынстваў рэжыму.
Паводле Францішка Вячоркі, Сьвятлана Ціханоўская абмеркавала з амэрыканскімі дыпляматамі «магчымыя шляхі, каб зьвярнуць увагу на крытычную сытуацыю з палітвязьнямі», і расказала ім аб сьмерці Ігара Ледніка і Вадзіма Храсько.
Апроч таго, Сьвятлана Ціханоўская адзначыла важнасьць выкананьня рашэньня Камітэту ААН у правах чалавека аб тэрміновых захадах датычна Максіма Знака, Віктара Бабарыкі і Сяргея Ціханоўскага, якое дазваляе ўрадам патрабаваць доступу да палітвязьняў, якіх трымаюць у інфармацыйнай ізаляцыі.
Паводле яе, Упраўленьне Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека таксама мусіць патрабаваць доступу да турмаў, забесьпячэньня мэдычнай дапамогі і шукаць шляхі вызваленьня палітвязьняў празь міжнародныя арганізацыі.
Франак Вячорка таксама паведаміў, што Сьвятлана Ціханоўская на сустрэчы з прадстаўнікамі ЗША ў ААН і ў Радзе правоў чалавека ААН Батшэба Нэл Крокер і Мішэль Тэйлар зьвярнула ўвагу на імплемэнтацыі рэзалюцыі Міжнароднай арганізацыі працы, ухваленай у дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі.
«Яшчэ адзін пункт — магчымыя дзеяньні па Беларусі ў Міжнароднай арганізацыі па міграцыі, у прыватнасьці спосабы сыстэмнага вырашэньня праблемы легалізацыі беларусаў за мяжой, пратэрмінаваных пашпартоў, пасьведчаньняў аб нараджэньні і падтрыманьні новага беларускага пашпарта», — працытавала выданьне Франака Вячорку.
Сьвятлана Ціханоўская таксама перадала прадстаўнікам ЗША ў ААН дакумэнты, падрыхтаваныя «Народным антыкрызісным упраўленьнем», аб вывазе ўкраінскіх дзяцей, а таксама аб злачынствах супраць чалавечнасьці, за якія рэжым Лукашэнкі можна прыцягнуць да адказнасьці ў Міжнародным крымінальным судзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнікі Лукашэнкі адрэагавалі на даклад ААН пра рэпрэсіі і катаваньні ў БеларусіЛетась у сакавіку Офіс Вярхоўнага камісара ў правах чалавека ААН прадставіў другі даклад аб сытуацыі ў Беларусі перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2020 году і пасьля іх. Даклад агучыла намесьніца Вярхоўнага камісара Нада аль-Нашыф.
«Шматлікія парушэньні можна прыраўняць да злачынстваў супраць чалавечнасьці, бо яны былі наўмысныя, шырока распаўсюджаныя, парушэньні зьдзяйсьняліся ў адносінах да цывільнага насельніцтва па прымеце рэальнай ці меркаванай прыналежнасьці да апазыцыі», — падкрэсьліла Нада аль-Нашыф.
У адказ на гэты даклад прадстаўнікі ўлады Беларусі заклікалі прадстаўнікоў арганізацыі і іншых заходніх палітыкаў прыехаць у Беларусь і пераканацца ў «мірным жыцьці грамадзян».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўтар дакладу ААН — сваякам беларускіх палітвязьняў: «Ня трэба здавацца, адказнасьць за парушэньні правоў чалавека наступіць»