Грамадзянская паніхіда пройдзе па адрасе ul. Fosa 19A (przy kosciole Sw.Katarzyny) / вул. Фоса, 19А (пры касьцёле Сьвятой Кацярыны). Пачатак а 16-й, паведамляе «Еўрарадыё».
Там часам працягваецца збор на дапамогу ягонай сям’і.
Андрэй Александровіч памёр ад вострай сардэчнай недастатковасьці ў лякарні ў Варшаве 24 лютага. Яму было 49 гадоў.
Ён працаваў у «Белорусской деловой газете», нямецкай радыёстанцыі Deutsche Welle, незалежным інфармацыйным агенцтве БелаПАН. Разам з калегамі зь «БДГ» ў другой палове 1990-х гадоў заснаваў першую беларускую электронную газэту «Ежедневник», якую беларускія ўлады закрылі ў 2021 годзе.
У другой палове 2010-х гадоў Андрэй Александровіч быў галоўным рэдактарам сайта міжнароднага кансорцыюма «ЭўраБеларусь», а таксама стварыў мэдыяпраект Thinktanks.by.
Апошнія гады быў галоўным рэдактарам газэты «Белорусы и рынок», пакуль яна не спыніла выхад у канцы 2022 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Раптоўна памёр беларускі журналіст, апошні рэдактар газэты «Белорусы и рынок» Андрэй Александровіч
У сьнежні 2022 году Мінінфарм закрыў газэту «Белорусы и рынок», найстарэйшае незалежнае эканамічнае выданьне Беларусі, заснаванае ў 1990 годзе. Да гэтага, у траўні 2022 году, Андрэя Александровіча выклікалі на допыты ў КДБ па справе аб «распальваньні нацыянальнай варожасьці», заведзенай супраць дырэктара газэты Канстанціна Залатых.
У 2023 годзе дырэктара эканамічнай незалежнай газэты «Белорусы и рынок» Канстанціна Залатых пакаралі 4 гадамі зьняволеньня паводле шэрагу дыфамацыйных артыкулаў.
Андрэй Александровіч выехаў зь Беларусі ў другой палове 2023 году і знаходзіўся ў Варшаве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ затрымаў дырэктара газэты «Белорусы и рынок»