Выданьне «Сильные новости» даведалася пра здарэньне пасьля публікацыі рашэньня суду Цэнтральнага раёну Гомля, які 19 студзеня разгледзеў пазоў гамельчука да ўстановы аховы здароўя аб пакрыцьці матэрыяльнай і маральнай шкоды. У якасьці суадказчыкаў па справе прыцягнулі аддзел запісу актаў грамадзянскага стану (ЗАГС) і адміністрацыю Савецкага раёну Гомля.
Трагічная гісторыя здарылася тры гады таму. 25 лютага 2021 году ў адну з гомельскіх бальніц даставілі пажылую жанчыну. 27 лютага са шпіталя патэлефанавалі яе сыну і паведамілі пра сьмерць маці. У аддзеле ЗАГС адміністрацыі Савецкага раёну гамяльчук атрымаў пасьведчаньне аб сьмерці, пасьля чаго заняўся арганізацыяй пахаваньня, аплаціўшы ўсе паслугі, у тым ліку памінальны стол у адной з кавярняў. Пахаваньне павінна было прайсьці 1 сакавіка (у той час у Беларусі дзейнічалі каранавірусныя абмежаваньні). Верагодна, з гэтай прычыны сваякі і блізкія ўбачылі твар нябожчыцы толькі перад самым разьвітаньнем.
«„Падчас адпяваньня былі выяўленыя адрозьненьні ў зьнешнасьці, пасьля чаго пры звароце ў шпіталь стала вядома, што маці жывая і знаходзіцца ў шпіталі“, — паведаміў мужчына ў пазове. Ён дадаў, што вестка аб сьмерці, якую яму паведамілі памылкова, прычыніла яму маральныя пакуты, „якія праз два гады выклікаюць у яго неспрыяльныя псыхічныя перажываньні“», — піша выданьне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Кальварыйскіх могілках Менску правядуць рэканструкцыюГамяльчук прасіў суд кампэнсаваць прычыненую яму матэрыяльную шкоду ў памеры 1877 рублёў. У суму ўвайшлі кошт пахавальных прыладаў і паслуг: месца на могілках, замова стала ў кавярні, выдаткі па набыцьці прадуктаў і дзяржаўная пошліна. Як паведаміла ў судзе прадстаўніца пазоўніка, «набытыя рытуальныя прыналежнасьці, прадукты харчаваньня і порцыі для памінальнага стала ўтылізавалі з рэлігійных меркаваньняў».
Маральную шкоду мужчына ацаніў у 20 тысяч рублёў. Яшчэ 176 рублёў ён прасіў спагнаць як судовыя выдаткі, панесеныя ім пры разглядзе грамадзянскай справы па пазове аб ануляваньні запісу акту аб сьмерці маці.
Што пастанавіў суд і як адбылася памылка?
У выніку райсуд прыйшоў да высновы, што пазоўніку нанесьлі і матэрыяльную, і маральную шкоду. Са шпіталя на яго карысьць спагналі 1701,36 рубля ў лік кампэнсацыі матэрыяльнай шкоды і 5000 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды. Яшчэ па 196 рублёў спагналі на карысьць гамельчука з мэдыкаў і адміністрацыі Савецкага раёну за панесеныя судовыя выдаткі. У частцы задавальненьня пазову да аддзелу ЗАГС было адмоўлена.
У рашэньні райсуду тлумачыцца, што ў сувязі з транспартаваньнем пацыентаў без мэдычнай дакумэнтацыі работнікі ўстановы аховы здароўя пераблыталі прозьвішчы пацыентаў, што прывяло да памылковага паведамленьня аб сьмерці.
Журналісты зьвярнулі ўвагу яшчэ на адзін нюанс. Афіцыйна — паводле папер — пасьля памылкі мэдыкаў гамяльчанка два месяцы лічылася памерлай. 27 лютага 2021 году яна нібыта памерла, і толькі 26 красавіка суд Савецкага раёну аднавіў яе ў сьпісе жывых, ануляваўшы сваім рашэньнем запіс акту аб сьмерці.
Не адзіны выпадак у Беларусі
Альянс Расьсьледавальнікаў Беларусі з дапамогай «Кібэрпартызанаў» знайшоў дакумэнты, якія сьведчаць пра тое, што гэта не адзінкавы выпадак, калі ў дзяржаўных установах дапускалі памылкі з целамі памерлых.
У траўні 2021 годзе ў моргу Пінскай цэнтральнай больніцы пераблыталі труп мужчыны, 1958 году нараджэньня, замест яго з Судова-мэдыцынскай экспэртызы выдалі цела невядомага, твар якога быў забінтаваны. Сваякі замовілі паслугі рытуальнай службы, нябожчыка пахавалі на могілках у Іванаўскім раёне, толькі пасьля гэтага выявілася памылка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У падвале царквы пад Кобрынам знайшлі парэшткі 20 чалавек, у тым ліку дзяцей. ФОТА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Спачываюць у адной магіле, хоць пры жыцьці ня надта ладзілі». Расказваем пра незвычайныя пахаваньні беларусаў у сьвеце