У Расеі заявілі пра небясьпеку для Цэнтральнай Азіі ад Ісламскай дзяржавы і няўрадавых арганізацый

Міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу. Архіўнае фота

Сяргей Шайгу заявіў, што на тле вайны ва Ўкраіне няўрадавыя арганізацыі значна нарасьцілі антырасейскую дзейнасьць, каб зьнізіць вайскова-тэхнічную, эканамічную і культурную супрацу рэгіёну з Расеяй.

Міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу заявіў пра неабходнасьць узмацненьня ваеннай бясьпекі ў рэгіёне Цэнтральнай Азіі.

«Абстаноўка ў рэгіёне застаецца складанай. Найбольшая пагроза, як і раней, існуе з тэрыторыі Афганістану. Летась колькасьць баевікоў Ісламскай дзяржавы павялічылася на 15%. Іх асноўная мэта — распаўсюд радыкальнай ідэалёгіі і падрыўной дзейнасьці на паўднёвых межах АДКБ», — заявіў Сяргей Шайгу на пасяджэньні калегіі Міністэрства абароны Расеі.

Адначасова расейскі міністар абароны прагназуе павелічэньне на 20% вытворчасьці наркотыкаў і, адпаведна, наркатрафіку праз краіны Цэнтральнай Азіі.

«Апроч таго, у рэгіёне функцыянуюць больш за 100 вялікіх празаходніх няўрадавых арганізацый, якія маюць больш за 16 тысяч прадстаўнікоў і філіялаў. На тле спэцыяльнай ваеннай апэрацыі гэтыя няўрадавыя арганізацыі значна нарасьцілі антырасейскую дзейнасьць з мэтай зьнізіць вайскова-тэхнічную, эканамічную і культурную супрацу з Расейскай Фэдэрацыяй. Прымаем меры папераджальнага характару», — заявіў Сяргей Шайгу.

Міністар абароны Расеі паведаміў, што расейскія падразьдзелы возьмуць удзел у сямі вучэньнях на тэрыторыі Казахстану, Кіргізстану і Таджыкістану.

«Вынікам падрыхтоўкі войскаў стануць вучэньні Калектыўных сіл апэратыўнага рэагаваньня АДКБ „Узаемадзеньне-2024“, у якіх возьмуць удзел вайсковыя кантынгенты пяці дзяржаў», — сказаў Сяргей Шайгу. Цяпер фармальна ў склад АДКБ уваходзяць 6 дзяржаў. Армэнія «замарозіла» свой удзел, але не спыніла свайго сяброўства ў арганізацыі.

Сяргей Шайгу заявіў, што вайсковыя часткі Цэнтральнай вайсковай акругі атрымліваюць новую зброю, у тым ліку ракетныя комплексы «Іскандэр-М» і рэактыўныя сыстэмы залпавага агню «Тарнада-Г».

«Рэалізацыя заплянаваных мерапрыемстваў да канца году дазволіць павялічыць баявую магутнасьць войскаў і забясьпечыць ваенную бясьпеку на Цэнтральна-Азіяцкім стратэгічным кірунку», — заявіў міністар абароны Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія вайскоўцы ўзялі ўдзел у вучэньнях АДКБ у Кіргізстане. ФОТА

Апошнія вайсковыя вучэньні АДКБ праходзілі ў кастрычніку 2023 году на тэрыторыі Кіргізстану. Армэнія ў гэтых вучэньнях ужо ня ўдзельнічала.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер Армэніі заявіў аб «замарожваньні» удзелу краіны ў АДКБ і спробах Расеі дэстабілізаваць сытуацыю