Паводле кіраўніцы дэпартамэнту Эвеліны Гудзінскайце, гэтыя людзі павінны будуць запоўніць апытальнік, які цяпер запаўняюць беларусы, прыяжджаючы ў Літву.
«Мы зоймемся праверкай усіх беларусаў, якія атрымалі дазвол на жыхарства ў Літве па працы да таго, як пачалі выкарыстоўваць апытальнік. У Літве такіх беларусаў каля 18 000, да 20 000», — сказала Гудзінскайце. Яе цытуе Delfi.
Паводле яе, калі пра чалавека зьявіцца нэгатыўная інфармацыя, то ДМ будзе зьвяртацца ў Дэпартамэнт дзяржбясьпекі (ДДБ). Далейшыя дзеяньні будуць залежаць ад высноў ДДБ.
«Незапаўненьне апытальніка будзе расцэньвацца не на карысьць асобы. Адказы таксама будуць ацэненыя. Калі ў адказах будзе знойдзена адмоўная інфармацыя, будзем кансультавацца з ДДБ. Калі ДДБ пакажа, што чалавек нясе пагрозу нацыянальнай бясьпецы, то такога чалавека пазбавяць дазволу на жыхарства», — заўважыла Гудзінскайце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве паведамілі аб зьмяншэньні міграцыйнага патоку зь БеларусіЗь лістапада 2022 г. расейцы і беларусы, якія ўяжджаюць у Літву, павінны запоўніць спэцыяльны апытальнік і выказаць сваё стаўленьне да вайны Расеі ва Ўкраіне.
Пасьля зьяўленьня гэтага апытальніка 2041 грамадзяніна гэтых краін прызналі пагрозай нацбясьпецы Літвы (1644 беларусы, 397 расейцаў).
Сёлета палітыкі Літвы гавораць аб узмацненьні правілаў уезду ў Літву для грамадзян Беларусі і Расеі. Кіраўнік парлямэнцкага камітэту нацбясьпекі і абароны Лаўрынас Кашчунас прапануе пазбаўляць дазволу на жыхарства грамадзян гэтых краін, калі яны рэгулярна езьдзяць на радзіму (у Беларусь або Расею).
Нагадаем, што на пачатку лютага парлямэнт Літвы ў першым чытаньні ўхваліў папраўкі да закону, згодна зь якімі на год прапануецца падоўжыць дзеяньне нацыянальных санкцый у дачыненьні да грамадзян Расеі і Беларусі і ўзмацніць жорсткасьць праверкі пры ўезьдзе беларусаў у Літву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік камітэту Сейму Літвы ў нацыянальнай бясьпецы прапанаваў пазбаўляць ДНЖ беларусаў, якія часта езьдзяць на радзімуЯк і раней, у сіле застаецца абмежаваньне выдачы візаў для расейцаў і беларусаў.
Ёсьць выключэньні для тых асоб, якія зьяўляюцца мужам і жонкай грамадзян Літвы або іншых краін ЭЗ, членамі экіпажаў, якія ажыцьцяўляюць міжнародныя перавозкі. Абмежаваньні не закрануць асоб, якія прыяжджаюць у Літву з гуманітарных прычын.
Калі парлямэнт прыме гэтыя папраўкі, яны будуць дзейнічаць да 2 траўня 2025 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я плакала». Як беларусы адрэагавалі на закрыцьцё Літвой яшчэ двух пераходаў зь Беларусьсю