Галавінскі суд Масквы ў 27 лютага прыгаварыў да 2 гадоў і 6 месяцаў калёніі агульнага рэжыму праваабаронцу, сузаснавальніка «Мемориала» 70-гадовага Алега Арлова. Яго ўзялі пад варту ў залі суду.
Арлова вінавацілі ў «дыскрэдытацыі» войска за антываенны артыкул і судзілі ўжо другі раз: першы раз суд аштрафаваў Арлова, але пракуратура аспрэчыла рашэньне і запатрабавала для праваабаронцы рэальнага пазбаўленьня волі.
Выданьне «Агентство» адзначае, што 2,5 года для Алега Арлова — самы жорсткі прысуд паводле артыкулу аб «дыскрэдытацыі» войска за час яго існаваньня зь вясны 2022 году. Да гэтага на самы вялікі тэрмін па такім жа абвінавачаньні прысудзілі Аляксея Маскалёва — яму далі 2 гады калёніі. Цяпер справа Маскалёва, якога, між іншым, затрымалі ў Беларусі, таксама знаходзіцца на пераглядзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманы ў Менску расеец Маскалёў заявіў, што беларускія сілавікі яго біліУ спрэчках напярэдадні пракурор патрабаваў прыгаварыць Алега Арлова да 2 гадоў і 11 месяцаў калёніі. Сам 70-гадовы праваабаронца, які гатовы да зьняволеньня і ўжо на некалькі паседжаньняў прыносіў сабраную для СІЗА сумку, у знак пратэсту супраць абсурднага абвінавачаньня і парушэньняў падчас працэсу адмовіўся выступаць у спрэчках.
Але выступіў з апошнім словам. Вось яго фрагмэнт:
«Я ня зьдзейсьніў злачынства. Мяне судзяць за газэтны артыкул, у якім я назваў палітычны рэжым, які ўсталяваўся ў Расеі, таталітарным і фашысцкім.
Артыкул быў напісаны больш за год таму. І тады некаторым маім знаёмым здавалася, што я занадта згушчаю фарбы. Але вось цяпер ужо цалкам відавочна — я ні на каліва не перабольшваў. Дзяржава ў нашай краіне кантралюе ўжо ня толькі грамадзкае, палітычнае, эканамічнае жыцьцё, але і прэтэндуе на поўны кантроль над культурай, над навуковай думкай і ўмешваецца ў прыватнае жыцьцё. Яна, дзяржава, становіцца ўсёабдымнай. І мы гэта бачым».
Далей Арлоў пералічыў прыкметы, паводле якіх лічыць рэжым Уладзіміра Пуціна фашысцкім. Гэта і забарона кніг, і рэпрэсіі супраць ЛГБТ, і забарона цытаваньня ва ўнівэрсытэтах так званых «замежных агентаў», і рэпрэсіі за адрозную ад афіцыйнай пазыцыю наконт вайны супраць Украіны, і ўхваленьне Пуціным нямецкага лідэра сярэдзіны ХХ ст. Адольфа Гітлера, кіраваньне якога прывяло да мільёнаў трупаў па ўсёй Эўропе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусь акупаваная на 100 працэнтаў». Шатляндзкі праваабаронца пра салідарнасьцьПад канец свайго апошняга слова Арлоў задаў рытарычнае пытаньне:
«Вось як трэба называць палітычны лад, пры якім адбываецца ўсё, што я зараз пералічыў? Па-мойму, адказ не выклікае сумневаў. На жаль, у сваім артыкуле я меў рацыю».
Алег Арлоў — адзін з заснавальнікаў расейскай праваабарончай арганізацыі «Мемориал», якая зазнае моцныя рэпрэсіі апошнім часам. Арлоў падтрымліваў і беларускіх палітвязьняў. У прыватнасьці, улады Беларусі не пусьцілі яго ў Менск на суд над ягоным беларускім калегам, нобэлеўскім ляўрэатам Алесем Бяляцкім, якога таксама судзілі з палітычных матываў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Удзельніца польскіх антыкамуністычных пратэстаў 1968 году: «Ратуйма Бяляцкага, пакуль можна!» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцу расейскага «Мемориала» не пусьцілі ў Беларусь на суд у справе «Вясны»