Дата дня
27 лютага 2022 году ў Беларусі адбыліся акцыі пратэсту супраць расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Было затрымана ня менш за 800 чалавек. Акцыі супалі з асноўным днём галасаваньня на рэфэрэндуме аб зьмяненьні Канстытуцыі, які быў закліканы яшчэ больш умацаваць уладу Аляксандра Лукашэнкі.
Таксама ў гэты дзень
1612 — пачала працу друкарня ў Любчы пад Наваградкам. Усяго яна выпусьціла больш за 80 кніжак па-лацінску і па-польску. Галоўным чынам гэта былі выданьні сьвецкага зьместу: антычныя і гістарычныя творы, практычныя дапаможнікі з мэдыцыны, вэтэрынарыі і школьніцтва, літаратурныя творы. У Любчанскай друкарні складаў і выдаваў свае творы Салямон Рысінскі — першы чалавек, які назваў сябе беларусам.
1792 — Шарашоў (Пружанскі раён) і Прывалка (Горадзенскі раён) атрымалі ад Станіслава Аўгуста Панятоўскага пацьверджаньне магдэбурскага права і гербы.
1919 — была ўтвораная Літоўска-Беларуская ССР.
1933 — адбыўся пажар бэрлінскага Райхстагу.
1991 — прэзыдэнт ЗША Джордж Буш-старэйшы абвясьціў пра заканчэньне вайны ў Пэрсыдзкай затоцы паміж кааліцыяй на чале з ЗША і Іракам за вызваленьне і аднаўленьне незалежнасьці Кувэйту.
2015 — у Маскве быў забіты расейскі апазыцыйны палітык Барыс Нямцоў.
У гэты дзень нарадзіліся
1667 — Людвіка Караліна Радзівіл, мэцэнатка, фундатарка кальвінскіх збораў і друкарняў у ВКЛ.
1734 — Караль Станіслаў Радзівіл «Пане Каханку», дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага.
1888 — Яўхім Бялевіч, дзяяч нацыянальнага руху, міністар юстыцыі і фінансаў у Народным сакратарыяце — першым урадзе БНР.
1898 — Васіль Шчарбакоў, гісторык, акадэмік АН Беларусі, ахвяра сталінізму.
1902 — Джон Стэйнбэк, амэрыканскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскае прэміі 1962 году.
1903 — Міхась Явар, беларускі паэт.
1905 — Міхась Сеўрук, мастак.
1906 — Рыта Млодак, беларуская опэрная сьпявачка, народная артыстка Беларусі.
1935 — Фёдар Клімчук, беларускі мовазнаўца-дыялектоляг, гісторык.
1982 — Міхал Шарамет, удзельнік Маладога Фронту БНФ, стваральнік вайскова-патрыятычнай арганізацыі «Ваяр».
1961 — Вольга Бабкова, гісторык-архівіст, пісьменьніца.
У памяці
1864 — Людвік Зьвяждоўскі, удзельнік нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863–1864 гадоў (павешаны).
1936 — Іван Паўлаў, расейскі фізіёляг.
2005 — Віктар Жаўняровіч, беларускі мастак і сьпявак у Вільні і Францыі.
2023 — Аляксей Дудараў, драматург.