На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў праграме «Падзея і камэнтар» адказвае доктар філязофіі, палітоляг Пётра Рудкоўскі.
— Чым умовы правядзеньня сёлетніх выбараў прынцыпова адрозьніваліся ад папярэдніх — парлямэнцкіх у 2019 годзе, прэзыдэнцкіх — у 2020-м?
— Парлямэнцкія выбары 2019 году прайшлі пад знакам «моркаўкі» — «перніку» паводле аўтарытарных мерак. Сёлетнія выбары — пад знакам жорсткага «кіёчка», «пугі». Тады было пацяпленьне адносінаў з Захадам, беларускі рэжым працаваў над іміджам донара рэгіянальнай бясьпекі і стабільнасьці. Ва ўнутранай палітыцы імкнуліся выпраўляць імідж міліцыі, тады на пасадзе кіраўніка МУС Шуневіча памянялі на Караева. Улады тады рабілі стаўку на задобрываньне грамадзтва. Ну а цяпер фон выбарчай кампаніі — гэта суцэльныя рэпрэсіі.
— Ініцыятыва назіраньня за выбарамі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» адзначыла некалькі структурных асаблівасьцяў сёлетняй кампаніі:
- няма апазыцыйных кандыдатаў. У тым жа 2019 годзе нікога зь іх не абралі дэпутатамі, але сярод кандыдатаў яны былі;
- сёлета няма незалежных нацыянальных назіральнікаў на ўчастках, у 2019 і 2020 годзе іх было нямала;
- сёлета няма незалежнага міжнароднага назіраньня, назіральнікаў БДІПЧ АБСЭ сёлета на выбары не запрасілі;
- пераважная частка незалежных СМІ сёлета выціснутая з краіны і абвешчаная экстрэмісцкімі.
Якія яшчэ структурныя асаблівасьці сёлетніх выбараў вы б адзначылі?
— У 2019 годзе на выбарах інсцэнізаваліся плюралізм і канкурэнтнасьць. На тэлебачаньні апазыцыйныя кандыдаты выступалі з самымі рознымі заявамі. Цяпер гэтага няма і блізка. Улады цяпер мінімізавалі ўсе рызыкі. Зараз на ўсіх участках прысутнічаюць узмоцненыя нарады праваахоўнікаў, забаронена фатаграфаваць бюлетэні, немагчыма ніяк выказаць сваю нязгоду зь цяперашнім палітычным курсам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зварот Ціханоўскай да беларусаў трансьлявалі ў беларускіх крамах— За дзень да асноўнага дня галасаваньня ініцыятыва былых сілавікоў BelPol зладзіла эфэктную акцыю — трансьляцыю на публічныя экраны ў Беларусі (у крамах і на рэклямных шчытах) звароту Сьвятланы Ціханоўскай з заклікам не хадзіць на фальшывыя выбары. Які эфэкт можа мець гэтая акцыя? Ці магла яна зьнізіць рэальную яўку? Паводле ЦВК на 14:00 25 лютага прагаласавала 59% выбаршчкаў.
— Уплыў быў хутчэй сымбалічным. Зараз у Беларусі сытуацыя поўнага кантролю над грамадзтвам. А тут створаны сымбаль таго, што гэты кантроль не ўсяўладны. Калі верыць BelPol і ТГ-каналу Матолькі зварот Ціханоўскай трансьляваўся ў 2000 месцах Беларусі. Гэта сапраўды эфэктна і псыхалягічны рэзананс у гэтай акцыі будзе. Такія акцыямі дэмакратычныя сілы трапляюць у самы нэўральгічны цэнтар рэжыму. У рэжыму ёсьць праблема з адтокам адмыслоўцаў у розных сфэрах, у тым ліку і ў ІТ. І недахоп спэцыялістаў у гэтай галіне і спараджае такія ўразьлівасьці, якімі скарыстаўся BelPol.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пайду, пайду, пайду». Лукашэнка заявіў, што будзе браць удзел у прэзыдэнціх выбарах 2025 году— Аляксандар Лукашэнка падчас галасаваньня ў нядзелю зрабіў некалькі важных заяваў.
Ён паведаміў пра намер удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах 2025 году. Лукашэнка заявіў, што Беларусі і Расеі ня трэба аб’ядноўвацца ў адну дзяржаву, паводле яго як сувэрэнныя дзяржавы яны больш моцныя, чым зьліўшыся ў адну. Ён таксама паведаміў, што апазыцыя хоча захапіць уладу, заняўшы частку тэрыторыі Беларусі. Як бы вы маглі пракамэнтаваць гэтыя заявы?
— Тое, што Лукашэнка зьбіраецца на прэзыдэнцкія выбары, малаінфарматыўна. Гэта было відавочна, што пойдзе, калі толькі здароўе яму дазволіць. Ужо пэўны час ёсьць сымптомы, што здароўе ягонае пагаршаецца. Пераабраньне для яго — гэта і магчымасьць захаваць уладу, і забясьпечыць гарантыі бясьпекі. Тут больш інфарматыўная яго заўвага наконт таго, што сытуацыя ў гэтым пытаньні можа зьмяніцца. Што тычыцца пазыцыі наконт абʼяднаньня з Расеяй, то Лукашэнка прынамсі з пачатку нулявых гадоў ня быў прыхільнікам гэтага. Ён успрымае сябе як «бацьку-заснавальніка» Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супярэчлівыя экспромты. Лукашэнка не зьбіраецца сыходзіць, але не выключае варыянты— А гэтыя пражэкты, якія ён прыпісаў апазыцыі — заняць Кобрын, Маларыту, адтуль запрасіць войскі NATO — што гэта азначае? Гэтая яго сёньняшняя заява перагукаецца зь нядаўнімі заявамі на нарадзе зь сілавікамі, дзе ён таксама ўсялякія жахі распавядаў.
— Яго прамовы на нарадзе зь сілавікамі былі вытрыманыя ў яго звычайным рытарычным стылі. Ён і пра ўборку ўраджаю гаворыць у драматычных танах. Але калі ён казаў пра тры сцэнары апазыцыі, гэта гучала даволі адэкватна. Апазыцыя і праўда можа разважаць над такімі сцэнарамі. Адзін — гэта выкарыстаць сёлетнія выбары, гэта выкарыстаць выбары наступнага году, і гэта весьці гульню «ўдоўгую», спадзяючыся пра дапамозе «мяккай сілы» выклікаць трансфармацыі ў беларускім грамадзтве. Думаю, што ён тады агучыў нейкі экспэртны даклад, які яму прадставілі. І зрабіў ён гэта ў даволі рэалістычным ключы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэкордныя лічбы датэрміновай яўкі, ахова на ўчастках, адсутнасьць незалежных назіральнікаў: як прайшлі «выбары-2024» у Беларусі— Назіральнікаў ад БДІПЧ АБСЭ на сёлетнія выбары не запрасілі. «Вясна» і БХК вялі кампанію назіраньня, іх папярэднія высновы — што выбары не адпавядаюць стандартам свабодных і справядлівых. Хутчэй за ўсё такімі ж будуць і канчатковыя высновы. Ці будуць прызнаныя краінамі Захаду вынікі гэтых выбараў? Калі не, то ў якім сэнсе? У пэўным — дык і ўсе папярэднія не былі прызнаныя. Але з выбараў 2000 году дэлегаты ад Нацыянальнага сходу Беларусі на працягу 6 скліканьняў засядаюць у Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ (ПА АБСЭ). Пасьля сёлетніх выбараў таксама будуць засядаць?
— Думаю, што дэпутаты абранай сёньня Палаты будуць засядаць у ПА АБСЭ. Напэўна, дэклярацыі аб непрызнаньні вынікаў сёлетніх выбараў у Беларусі будуць выдадзеныя, будзе канстатавана, што выбары былі несвабоднымі і несправядлівымі. Заходні сьвет гэта канстатуе адзінагалосна. Але гэта не адменіць Realpolіtik. У выпадку прэзыдэнцкіх выбараў супадаюць арганізатар фальсыфікацыяў і іх бэнэфіцыяр, гэта адна і тая ж асоба. У выпадку парлямэнцкіх выбараў сытуацыя крыху іншая. Парлямэнтары — усе ці большасьць — зьяўляюцца бэнэфіцыярамі фальсыфікацыяў. Але складана сказаць, што яны арганізатары гэтага. І ў маральным пляне да іх стаўленьне крыху іншае. А матыў у стылі Realpolіtik — што павінны заставацца нейкія каналы камунікацыі. І мяркую, што яны захаваюцца прыблізна ў тым жа фармаце, у якім захоўваліся дагэтуль.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША асудзілі «фіктыўныя выбары рэжыму Лукашэнкі»— Навошта на сёлетніх выбарах надзьмувалі датэрміновую яўку? Калі ўсё ясна, то якая розьніца, колькі прагаласавала датэрмінова? Але сёлета яўка на датэрміновым галасаваньні значна вышэйшая, чым была ў 2019 годзе і на адну сотую адсотка вышэйшая, чым была на прэзыдэнцкіх выбарах у 2020 годзе — 41.71%. Навошта?
— У 1994 годзе, на першых выбарах у незалежнай Беларусі, асаблівых фальсыфікацыяў не было. І тады датэрмінова прагаласавала крыху больш за 3% выбаршчыкаў. Але і ў 2001 годзе, на другіх прэзыдэнцкіх выбарах — таксама няшмат, каля 4%. Але потым гэтая доля тых, хто прагаласаваў датэрмінова, няўхільна павялічвалася, у 2020 годзе яна склала 41,7%, у 10 разоў больш, чым у 2001-м. Цяпер — 41,71%. Запавольваецца трэнд. Ёсьць шанец, што да 90% ня дойдзе. Датэрміновае галасаваньне — дадатковая магчымасьць «удасканаліць» вынікі галасаваньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вярхоўнай радзе Ўкраіны назвалі беларускія выбары 25 лютага «інструмэнтам паглыбленьня дыктатуры Лукашэнкі»— А можа тут мае значэньне «карцінка»? Многія людзі бачаць, што ў асноўны дзень галасаваньня народ да выбарчых скрыняў імкнецца ня надта, пустыя выбарчыя ўчасткі. А тут людзям тлумачэньне: дык гэта ж таму, што амаль палова прагаласавала датэрмінова.
— Так. Гэты візуальны эфэкт таксама мае значэньне. Унутры Беларусі моцна паразрываныя каналы камунікацыі. Унутры Беларусі людзі ня надта дзеляцца інфармацыяй з прычыны кантролю і рэпрэсіяў. Але думаю, што будзе кантраст паміж афіцыйнымі лічбамі яўкі і ўражаньнямі людзей ад паўпустых выбарчых участкаў. Гэта стварае кагнітыўны дысананс. І гэта будзе не на руку рэжыму.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.