«Флагшток»: у рагачоўскім шпіталі пацыенты паскардзіліся, што іх прымушаюць галасаваць

Ілюстрацыйнае фота

У Рагачове адміністрацыя бальніцы, дзе разьмешчаны закрыты ўчастак для галасаваньня, запатрабавала абавязковага галасаваньня ад пацыентаў, якія знаходзяцца на лекаваньні, паведамляе выданьне «Флагшток».

Паводле выданьня, такая сытуацыя адбылася ў Рагачоўскай ЦРБ. На ціск паскардзілася пацыентка, якая ня мае беларускага грамадзянства. Яна напісала пра гэта ў чат Рагачоўскага райвыканкаму 24 лютага, перад апошнім днём датэрміновага галасаваньня. Паводле яе, тым, хто адмаўляецца, прыгразілі выпіскай са стацыянара і іншымі праблемамі.

«Калі я не хачу і не грамадзянін РБ, чаму мяне прымушаюць галасаваць прымусова!!! Пагражаючы тым, што выпішуць са шпіталя...», — напісала пацыентка.

Са словаў жанчыны, дадаткова на яе націснулі магчымымі абвінавачваньнямі ў парушэньні іміграцыйнага заканадаўства.

Супакойваць яе стаў працаўнік ЦРБ пад імем Дзьмітры (у чаце акаўнт з такім нікам адказвае за інфармаваньне аб дзейнасьці Рагачоўскай лякарні). Ён паведаміў, што іншаземцаў галасаваньне не датычыцца, і нагадаў, што ў бальніцы знаходзіцца закрыты ўчастак для галасаваньня. Ці зьяўляецца галасаваньне прымусовым, прадстаўнік ЦРБ не ўдакладніў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэкордныя лічбы датэрміновай яўкі, ахова на ўчастках, адсутнасьць незалежных назіральнікаў: як прайшлі «выбары-2024» у Беларусі
  • 25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.
  • Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма: Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
  • На гэтых выбарах няма і апазыцыйных кандыдатаў — да выбараў дапусьцілі толькі ляяльных рэжыму кандыдатаў. Паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, усе 12 скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 скаргі ў суды) адхілілі.
  • Па выніках датэрміновага галасаваньня ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбарнікаў — 41,71%. Незалежныя назіральнікі называюць датэрміновае галасаваньне адным з мэханізмаў масавых фальсыфікацый.
  • З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская заклікала беларусаў «заставацца дома» і ня ўдзельнічаць у «бязвыбарах»

Што трэба ведаць пра Адзіны дзень галасаваньня – 2024

  • 25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.
  • Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.
  • Датэрміновае галасаваньне праходзіла з 20 па 24 лютага. ЦВК заявіла, што за 5 дзён датэрмінова прагаласавалі 41,71% грамадзян, якія ўключаныя ў сьпісы для галасаваньня.
  • Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, як і апазыцыйных кандыдатаў. Прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя. На ўчастках узмацнілі ахову.
  • Перадвыбарная агітацыя праходзіла з 31 студзеня па 24 лютага, рэгістрацыя кандыдатаў — з 16 студзеня да 30 студзеня.
  • Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.
  • Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.
  • Улады вырашылі не запрашаць АБСЭ для назіраньня празь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за гэтую адмову.
  • Кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў заявіў, што ў Вярхоўны суд падалі 6 скаргаў аб выбарах. Назіральнікі ад СНД прапанавалі іх лічыць «неабгрунтаванымі».
  • Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.