Да другой гадавіны вайны ва Ўкраіне выданьні «Медиазона» і «Медуза» апублікавалі другую частку супольнага дасьледаваньня расейскіх стратаў. Выкарыстоўваючы мэтад, распрацаваны паўгода таму, выданьні назвалі колькасьць загінулых расейцаў на канец 2023 году, і прыблізна параўналі страты расейскіх і ўкраінскіх вайскоўцаў, паводле зьвестак з адкрытых крыніцаў.
«Медуза» і «Медиазона» ў ліпені 2023 году выпусьцілі дасьледаваньне, у якім дзякуючы пайменнаму сьпісу загінулых і рэестру спадчынных спраў змаглі разьлічыць рэальную сьмяротнасьць мужчын у Расеі. На другую гадавіну вайны журналісты зноў выкарыстоўвалі гэты мэтад, каб разьлічыць залішнюю сьмяротнасьць ужо на канец 2023 году.
Паводле ацэнкі журналістаў, да 1 студзеня 2024 году на вайне загінула 75 тысяч расейскіх мужчын ва ўзросьце да 50 гадоў без уліку войскаў самаабвешчаных «ЛНР» і «ДНР».
Выданьні адзначаюць, што 75 тысяч — гэта статыстычная ацэнка, якая залежыць у тым ліку ад выпадковасьці. Найбольш верагодна, што рэальная колькасьць стратаў знаходзіцца ў прамежку ад 66 да 88 тысяч чалавек.
Акрамя таго, распрацаваны мэтад не дазваляе бачыць страты за апошнія месяцы. Калі выказаць здагадку, што тэмп прыросту стратаў застаецца ранейшым (~ 3900 чалавек у месяц), тая колькасьць загінулых на сёньняшні дзень — каля 83 тысяч чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На 2-ю гадавіну паўнамаштабнага ўварваньня расейцы атакавалі ракетамі Адэсу, ёсьць загінулы і параненыяХаця лінія фронту да другога году вайны практычна замерла, тэмп стратаў значна вырас. У 2022 годзе, на які прыпала некалькі маштабных наступаў і адступленьняў расейскай арміі, а таксама пачатак штурму Бахмута, загінула каля 24 тысяч чалавек. У 2023 годзе гэтая колькасьць вырасла больш чым удвая — да 50 тысяч.
Штурм Бахмута па-ранейшаму застаецца самай кровапралітнай апэрацыяй з пачатку вайны, адзначаюць журналісты. У пэрыяд самых цяжкіх баёў на гэтым напрамку ў студзені-сакавіку 2023 году расейскае войска губляла забітымі да 2 тысяч чалавек штотыдзень па ўсім фронце. Вялікая частка загінулых — гэта зьняволеныя, завэрбаваныя ў «ПВК Вагнэра».
Пасьля захопу Бахмута страты зьнізіліся, але па-ранейшаму засталіся на ўзроўні, які пераўзыходзіць першыя дні вайны. З кастрычніка-лістапада 2023 году прырост колькасьці загінулых павялічыўся зноў — верагодна, з прычыны баёў за Аўдзееўку.
Меркаваная колькасьць параненых, паводле разьлікаў журналістаў, склала за два гады каля 130 тысяч чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На 730 дзён бліжэй да перамогі». Зяленскі запісаў зварот да ўкраінцаў у аэрапорце ГастомеляСпроба ацаніць страты ўкраінскага боку
Выданьні таксама паспрабавалі ацаніць суадносіны стратаў Узброеных сіл Украіны і войскаў РФ, узяўшы за аснову зьвесткі базы на сайце ананімнага праекту UALosses, які запусьціўся 31 сьнежня 2023 году. На момант публікацыі гэтага тэксту ў сьпісе UALosses 42 152 імя. (Чаму журналісты палічылі базу надзейнай, падрабязна можна пачытаць тут.)
Супаставіўшы ўсе зьвесткі, яны робяць выснову, што верагодна, рэальныя суадносіны ваенных стратаў Расеі і Ўкраіны ляжаць у дыяпазоне ад 1 да 1 да 2 да 1 на карысьць Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 2 мільёны дзяцей пакінулі Ўкраіну праз паўнамаштабнае ўварваньне Расеі