Разам з фон дэр Ляен 24 лютага Ўкраіну наведалі прэм’ер-міністры Італіі, Канады і Бэльгіі — Джорджа Мэлёні, Джасьцін Трудо і Аляксандр Дэ Кроа. Як адзначае агенцтва Reuters, гэты візыт стаў праявай салідарнасьці і падтрымкі Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На 2-ю гадавіну паўнамаштабнага ўварваньня расейцы атакавалі ракетамі Адэсу, ёсьць загінулы і параненыяАкрамя таго, Зяленскі сёньня падпісаў пагадненьні аб бясьпецы з прэмʼер-міністрамі Канады і Італіі.
Пагадненьне паміж Украінай і Канадай будзе дзейнічаць дзесяць гадоў, але пасьля можа быць прадоўжана. Дакумэнт, у прыватнасьці, прадугледжвае выдзяленьне на падтрымку Ўкраіны ў 2024 годзе больш за тры мільярды канадзкіх даляраў (каля 2,2 мільярда даляраў ЗША). «Мы будзем падтрымліваць Украіну, чаго б гэта ні каштавала і столькі, колькі спатрэбіцца», — запэўніў Трудо.
Пагадненьне паміж Украінай і Італіяй замацоўвае, у прыватнасьці, абавязацельствы наконт доўгатэрміновай ваеннай і фінансавай дапамогі. Дакумэнт таксама пацьвярджае падтрымку з боку Італіі будучага членства Украіны ў NATO. Гэтае пагадненьне таксама будзе дзейнічаць на працягу дзесяці гадоў.
Заходнія лідэры наведалі разам з прэзыдэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім ваенны аэрадром у Гастомелі, які ў першыя дні вайны паспрабавалі захапіць расейскія войскі падчас наступу на Кіеў.
Уршуля фон дэр Ляен таксама сустрэлася з прэмʼер-міністрам Украіны Дзянісам Шмыгалём. Кіраўніца Эўракамісіі паведаміла, што першая фінансавая дапамога ад Бруселя ў памеры чатырох з паловай мільярдаў эўра для Ўкраіны паступіць ужо ў сакавіку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На 730 дзён бліжэй да перамогі». Зяленскі запісаў зварот да ўкраінцаў у аэрапорце Гастомеля