Былы палітвязень, праваабаронца і навуковец Міхаіл Жамчужны 19 лютага 2021 году вызваліўся з-за кратаў пасьля 6 з паловай гадоў зьняволеньня.
Разам з папярэднім тэрмінам ён правёў за кратамі больш за 11 гадоў.
Да Міхаіла Жамчужнага прыйшлі падчас маштабных затрыманьняў былых палітвязьняў і іх сваякоў 23-24 студзеня. 25 студзеня стала вядома, што ён затрыманы, пасьля таго ніякай інфармацыі ў публічнай сфэры пра яго не было.
Міхаіл Жамчужны нарадзіўся ў 1955 годзе ў Віцебску. Былы дацэнт Віцебскага тэхналягічнага ўнівэрсытэту, кандыдат тэхнічных навук, вынаходнік, першым у Беларусі зарэгістраваў самаробны аўтамабіль на альтэрнатыўным паліве.
Ва ўнівэрсытэце кіраваў лябараторыяй, якая займалася праблемамі прамысловага вырабу вадароду. У 2006 годзе супраць Жамчужнага распачалі крымінальную справу. Адмовіўся ад прапановы супрацоўнічаць з КДБ і даць паказаньні супраць начальства. У 2007 годзе Жамчужнага прыгаварылі да 5 гадоў зьняволеньня за крадзеж праз злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі.
Пасьля вызваленьня Жамчужны далучыўся да праваабарончай арганізацыі «Плятформа» і зьбіраў інфармацыю пра сытуацыю з правамі вязьняў за кратамі. Пасьля ліквідацыі «Плятформы» стаў сузаснавальнікам «Плятформы інавэйшн» (цяпер закрытая ўстанова). Яго арыштавалі праз тыдзень пасьля абвяшчэньня прысуду кіраўніку «Плятформы інавэйшн» Андрэю Бандарэнку ў 2014 годзе. У 2015 годзе Віцебскі абласны суд прызнаў яго вінаватым у наўмысным выдаваньні зьвестак, што складаюць службовую таямніцу, даваньні хабару, і прыгаварыў да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму. Пазьней прызначылі стражэйшую кару — шэсьць з паловай гадоў пазбаўленьня волі. Доўгі час быў у Беларусі адзіным прызнаным палітычным зьняволеным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выйшаў з калёніі пераможцам з усьмешкай на твары». Міхаіл Жамчужны — пра 3 гады ў адзіночцы, 520 дзён у карцары ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былому палітвязьню Жамчужнаму хацелі ўзмацніць рэжым нагляду, але суд адмовіў