Прэсавая сакратарка палітыка Кіра Ярмыш напісала, што інфармацыя аб пахаваньні будзе вядомая пазьней.
«Мы ня ведаем, ці будзе ўлада перашкаджаць правесьці яго такім чыным, як гэтага хоча сям’я і як таго заслугоўвае Аляксей», — зазначыла Ярмыш. Яна падзякавала ўсім, хто патрабаваў выдачы цела Навальнага сваякам.
Па афіцыйнай вэрсіі, Аляксей Навальны памёр у калёніі 16 лютага. 24 лютага, на дзявяты дзень сьмерці палітыка, у Маскве людзі прыйшлі ў храм Хрыста Збаўцы, каб ушанаваць яго памяць. Тэлеграм-каналы публікуюць фатаграфіі, па якіх можна меркаваць, што на ўваход у царкву ўтварылася чарга. Каля храма дзяжураць паліцэйскія.
У Санкт-Пецярбургу некалькі дзясяткаў чалавек прыйшлі ў Смольны сабор. Яны паставілі сьвечкі за спачын.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вы катавалі яго жывога, а зараз працягваеце катаваць яго мёртвага». Удава Навальнага патрабуе ад Пуціна аддаць цела палітыка ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Удзельніца польскіх антыкамуністычных пратэстаў 1968 году: «Ратуйма Бяляцкага, пакуль можна!»
23 лютага сьледчыя паставілі маці палітыка Аляксея Навальнага Людміле Навальнай ультыматум: альбо яна пагодзіцца на таемнае пахаваньне, альбо апазыцыянэра пахаваюць у калёніі.
Адвакаты маці Навальнага падалі ў СК Расеі заяву з просьбай узбудзіць крымінальную справу па артыкуле аб зьдзеку над целам памерлага.
Днём раней Людміла Навальная запісала відэазварот, у якім паведаміла, што супрацоўнікі СК патрабавалі ад яе пагадзіцца на таемнае пахаваньне палітыка.