Раней былі патрэбныя 5 дзён зь нізкай тэмпэратурай, каб уключылі батарэі.
Урад зьмяніў умовы, пры якіх у Беларусі будуць уключаць ацяпленьне ў пачатку ацяпляльнага сэзону. Адпаведны дакумэнт апублікавалі на Нацыянальным прававым партале.
Раней у дзіцячых садках, школах і іншых сацыяльных установах, а таксама гатэлях батарэі ўключалі пры сярэднясутачнай тэмпэратуры плюс 10°C на працягу пяці дзён. Згодна з новай пастановай, ацяпленьне зьявіцца пры такой жа тэмпэратуры на працягу трох содняў.
Для жылых дамоў патрабаваньні былі 8°C на працягу пяці содняў, зараз на ўключэньне ацяпленьня таксама спатрэбіцца тры дні.
У грамадзкіх і адміністрацыйных будынках, як і раней, цяпло падключаць па ўзгадненьні з энэргазабесьпячальнай арганізацыяй пасьля ўключэньня ацяпленьня ў жылых дамах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску 18 шматпавярховікаў, дзіцячы садок і дом інвалідаў ноч заставаліся без ацяпленьня і гарачай вады ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Рагачове вяртаюць ацяпленьне і гарачую ваду. Жыхары 37 шматкватэрных дамоў правялі ноч безь цяпла пры мінус 15