Інстытут вывучэньня вайны: Менск узмацняе рыторыку Крамля аб тым, што Ўкраіна пагражае існаваньню Расеі і Беларусі

Беларускія вайскоўцы на вучэньнях паблізу ўкраінскай мяжы. Ілюстрацыйнае фота

Экспэрты ацанілі гучныя заявы міністра абароны Беларусі Віктара Хрэніна, якія той зрабіў у інтэрвію расейскай тэлевізіі.

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны канстатавалі далейшае ўмацаваньне вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва Беларусі і Расеі. Да такой высновы экспэрты прыйшлі пасьля аналізу заяў міністра абароны Беларусі Віктара Хрэніна, якія той зрабіў у інтэрвію расейскай тэлевізіі 22 лютага.

«Беларусь працягвае ўмацоўваць вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва з Расеяй. Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што Расея і Беларусь стварылі заканадаўчую базу для стварэньня і функцыянаваньня супольных цэнтраў баявой падрыхтоўкі і нядаўна прапанавалі распрацаваць плян супольнай праграмы ўзбраеньня. Хрэнін таксама заявіў, што супольная расейска-беларуская рэгіянальная групоўка войскаў правядзе вучэньні ў 2025 годзе», — адзначылі экспэрты.

Паводле іх, заявы Віктара Хрэніна таксама сьведчаць аб узмацненьні беларускім бокам крамлёўскай рыторыкі аб тым, што Ўкраіна нібыта ўяўляе пагрозу існаваньню Расеі і Беларусі.

Віктар Хрэнін у інтэрвію расейскай тэлевізіі заявіў, што ля мяжы зь Беларусьсю Ўкраіна нібыта сканцэнтравала да 114 тысяч вайскоўцаў «ударнай групоўкі». У цытаце, якую апублікавала дзяржаўнае агенцтва БелТА з гэтага інтэрвію, фармуляваньне «ударная групоўка» адсутнічала. Пазьней у апублікаваным на сайце Міністэрства абароны Беларусі тэксьце выказваньне ўдакладнілі: «На сёньня, паводле нашых ацэнак недзе каля 112-114 тысяч чалавек ударная групоўка. Зь іх для непасрэднай аховы ўкраінскай мяжы залучаюць каля 17 тысяч асабовага складу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хрэнін расказаў аб колькасьці ўкраінскіх войскаў на мяжы зь Беларусьсю і абяцаў зьбіваць авіяцыю NATO