Людміла Навальная паведаміла, што ўчора ёй нарэшце паказалі цела сына і што яго хочуць пахаваць таемна. Яна падкрэсьліла, што запісвае гэтае відэа, бо ёй пачалі пагражаць, што нешта зробяць зь целам Навальнага, калі яна не пагодзіцца на таемнае пахаваньне.
«Сьледчыя сьцьвярджаюць, што ў іх гатовая прычына сьмерці, у іх гатовыя ўсе мэдычныя і юрыдычныя дакумэнты, якія я бачыла, а мэдычнае пасьведчаньне аб сьмерці я падпісвала. Паводле закону яны павінны былі мне адразу аддаць цела Аляксея, але яны не зрабілі гэтага. Замест гэтага яны шантажуюць мяне, ставяць умовы, дзе і як павінен быць пахаваны Аляксей», — сказала Людміла Навальная.
Яна заявіла, што не пагадзілася з гэтым і патрабуе аддаць ёй цела.
«Яны хочуць прывезьці мяне на ўскраіну могілак, да сьвежай магілы, і сказаць: вось тут ляжыць ваш сын. Я на гэта ня згодная», — кажа Людміла Навальная.
Паплечнік Навальнага Іван Жданаў расказаў падрабязнасьці сустрэчы маці памерлага палітыка са спэцслужбамі.
«...Маме [Навальнага] учора паказалі цела Аляксея. І сказалі, што гатовыя аддаць цела. Толькі вызначцеся зь месцам і часам пахаваньня. А потым пачаўся шантаж. Зь мінулай ночы гэта быў сапраўдны зьдзек над мамай. Яны забралі яе адну, не дазволілі быць побач адвакатам. Яны адкрыта пагражалі, што „ўключаць свае мэдыйныя рэсурсы“ супраць яе. Мне здаецца, такі зьдзек над трупамі складана ўвогуле ўявіць. Гэта проста сярэднявечча. Прычыны сьмерці цалкам устаноўленыя».
У мэдычным заключэньні аб сьмерці, паказаным маці Навальнага, сказана, што прычыны сьмерці — натуральныя, паведаміла ў сацсетцы Х прэс-сакратарка Навальнага Кіра Ярмыш.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Родным Навальнага агучылі новую прычыну сьмерці палітыка. СМІ: на ягоным целе выявілі сінякі- Расейскія ўлады паведамілі пра раптоўную сьмерць Навальнага ў калёніі 16 лютага.
- Тады ж паведамленьні пракамэнтавалі лідэры краінаў Захаду. Многія зь іх, акрамя выказваньня спачуваньняў, таксама ўсклалі адказнасьць за сьмерць апазыцыянэра на расейскія ўлады і асабіста прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, падкрэсьліўшы, што Навальны спачатку быў атручаны, меркавана на загад расейскіх уладаў, а потым, па вяртаньні ў Расею, кінуты за краты за сваю апазыцыйную дзейнасьць.
- Краіны «групы сямі» заклікалі Маскву старанна расьсьледаваць і апублікаваць акалічнасьці гібелі палітыка.
- Расьсьледаваньне абставінаў гібелі Навальнага падоўжылі; колькі яно працягнецца, невядома. Працэсуальная праверка Сьледчага камітэту па факце сьмерці Навальнага дазваляе адтэрмінаваць выдачу яго цела сваякам на 30 дзён. Калі завядуць крымінальную справу, труп могуць не аддаваць і даўжэй.
- Раней «Медиазона» публікавала відэа з камэр відэаназіраньня, усталяваных на пераезьдзе паміж Лабытнанга і Салехардам. У ноч на 17 лютага камэры фіксавалі рух картэжа ФСІН па пераезьдзе. Па словах журналістаў, знойдзенае імі відэа сьведчыць пра тое, што цела Навальнага спэцыяльна хавалі ад сваякоў.