Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск заявіў, што памежныя пераходы будуць уключаныя ў пералік аб’ектаў крытычнай інфраструктуры, якія забаронена блякаваць і пікетаваць.
«Каб забясьпечыць стоадсоткавую гарантыю таго, што вайсковая дапамога — тэхніка, боепрыпасы, гуманітарная дапамога, мэдычная дапамога — дойдзе да ўкраінскага боку безь якой-небудзь затрымкі, мы ўключым пункты перасячэньня мяжы з Украінай у пералік аб’ектаў крытычнай інфраструктуры: дарогі і чыгунку. Гэта пытаньне бліжэйшых некалькіх гадзін», — заявіў Дональд Туск.
22 лютага прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі зьвярнуўся да прадстаўнікоў Польшчы і Эўракамісіі з нагоды сытуацыі на мяжы, дзе польскія пратэстоўцы блякуюць рух украінскіх грузавікоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі заклікаў прадстаўнікоў Польшчы і Эўракамісіі сустрэцца «на мяжы» для перамоваўЗ восені 2023 году з польскага боку пэрыядычна блякуюць рух праз пункты пропуску на мяжы з Украінай.
Спачатку рух спынілі польскія перавозчыкі, якія патрабавалі аднавіць дазволы, скасаваныя для ўкраінскіх перавозчыкаў пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ў лютым 2022 году. Ва ўмовах закрытай паветранай прасторы і марскіх шляхоў сухапутная мяжа стала адзінай лягістыкай, па якой Украіна атрымлівае вайсковую дапамогу з Захаду — тэхніку, зброю і снарады.
Адметна, што тады польскія перавозчыкі блякавалі рух ня толькі на вываз прадукцыі з Украіны, а і на ўвоз ва Ўкраіну. Для высьвятленьня сытуацыі ў Польшчу выяжджала нават дэлегацыя зь Літвы, занепакоеная тым, што іхная дапамога не даходзіць да ўкраінскага фронту. У канцы сьнежня сытуацыю ўдалося ўрэгуляваць і разблякаваць, хоць яе намагаліся пашырыць і на межы Ўкраіны зь іншымі краінамі Эўразьвязу — Славаччынай і Румыніяй. Чакаючы магчымасьці перасекчы мяжу, у чэргах памерлі некалькі ўкраінскіх кіроўцаў.
Цяпер польскія фэрмэры пачалі блякаваць трасы, якія вядуць да ўкраінскай мяжы. Галоўнае патрабаваньне — спыніць увоз украінскага збожжа і адначасова скасаваць экалягічныя і кліматычныя абмежаваньні, уведзеныя ў межах Эўразьвязу. І калі перавозчыкі-пратэстоўцы спынялі толькі грузавы транспарт, фэрмэры пачалі блякаваць пасажырскія аўтобусы і чыгуначны транспарт. Галоўнай зброяй стала збожжа — яго высыпаюць проста на дарогу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блякаваньне руху на мяжы Польшчы і Ўкраіны. Што адбываецца і каму гэта выгадна