Міжнародная арганізацыя Human Rights Watch падрыхтавала даклад «Мы знойдзем вас: глябальны погляд на тое, як урады рэпрэсуюць грамадзян за мяжой», у якой ацаніла дзеяньні урадаў датычна да грамадзян, каб прымусіць іх замаўчаць або спыніць іншадумства.
У даклад разам зь Беларусьсю ўключылі Руанду, Таджыкістан, Саўдаўскую Арабію, Альжыр, Бахрэйн, Камбоджу, Кітай, Эгіпет, Казахстан, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Іран, Паўднёвы Судан, Тайлянд, Турэччыну, Этыёпію, Расею, Туркмэністан.
«Беларускі ўрад усё больш жорстка душыў мірныя пратэсты, якія ўспыхнулі пасьля фальсыфікацый у часе прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе. У 2021 годзе ўлады Беларусі прымусілі прызямліцца камэрцыйны рэйс, які пралятаў празь беларускую паветраную прастору, каб затрымаць Рамана Пратасевіча, актывіста і былога рэдактара апазыцыйнага Telegram-канала, і ягоную дзяўчыну Соф’ю Сапегу. Пасьля арышту Пратасевіч прызнаўся, асудзіў апазыцыю і публічна выбачыўся ў тэлевізійных выступах, якія, імаверна, запісалі пад ціскам», — адзначаецца ў дакладзе.
Экспэрты арганізацыі адзначылі, што ўрад Аляксандра Лукашэнкі ўсё больш нацэльвае рэпрэсіі на беларусаў у выгнаньні. Сярод такіх захадаў у справаздачы назвалі зьмены ў заканадаўства аб магчымасьці пазбаўляць грамадзянства беларусаў, якія жывуць за мяжой, калі іх прызнаюць у такіх злачынствах, як «удзел у масавых беспарадках» або «нанясеньне цяжкай шкоды інтарэсам Беларусі».
«Гэтыя папраўкі накіраваныя на крытыкаў у выгнаньні, паколькі пералічаныя злачынствы часта выкарыстоўваюцца ў палітычна матываваных абвінавачаньнях, а суды часта адбываюцца бяз значных гарантый справядлівага судовага працэсу. Папраўкі таксама ствараюць сурʼёзную небясьпеку адвольнага пазбаўленьня грамадзянства з палітычных матываў», — адзначаецца ў дакладзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У адных — без праблем, у іншых — «зруйнаванае жыцьцё». Як жывуць беларусы, якія засталіся бязь дзейных пашпартоўАпроч таго, парушэньнем правоў чалавека ў дакумэнце вызначаны ўказ Лукашэнкі аб забароне дыпляматычным прадстаўніцтвам за мяжой мяняць пашпарты. Паводле ацэнак экспэртаў арганізацыі, гэтае рашэньне закранула інтарэсы ад 200 да 500 тысяч беларусаў, якія жывуць за мяжой.
«Гэтае рашэньне ня толькі падвяргае беларусаў у выгнаньні вялікай рызыцы, калі яны вернуцца ў Беларусь, але і парушае іх магчымасьць жыць, падарожнічаць, працаваць і атрымліваць доступ да асноўных паслуг, такіх як мэдычнае абслугоўваньне, калі яны застаюцца за мяжой», — адзначаецца ў дакладзе.
Human Rights Watch рэкамэндуе ўрадам, якія перавышаюць свае паўнамоцтвы і парушаюць правы чалавека ў барацьбе з іншадумствам, спыніць усе дзеяньні, накіраваныя на запалохваньне, напад або прымус замаўчаць грамадзян за мяжой, што прыраўноўваюцца да транснацыянальных рэпрэсій.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Браціславе на запыт Інтэрполу затрымлівалі беларускага блогера і актывіста Яўгена МалахоўскагаАпроч таго, арганізацыя заклікала ўрады спыніць злоўжываньне Інтэрполам і іншымі міжнароднымі органамі ў якасьці інструмэнту для незаконнай экстрадыцыі грамадзян, якія жывуць за мяжой, а таксама спыніць выкарыстаньне тэхналёгій сачэньня для транснацыянальных рэпрэсій супраць грамадзян за мяжой і іх семʼяў на радзіме.
Праваабаронцы таксама зьвярнуліся да міжнароднай арганізацыі Інтэрпол з заклікам вызначыць арыентыры ў галіне правоў чалавека для дзяржаў, якія перасьледуюць сваіх грамадзян з выкарыстаньнем «чырвонай карткі» гэтай міжнароднай сыстэмы.
У прыватнасьці, яны прапануюць пазначаць краіны з дакумэнтальна пацьверджаным парушэньнем правоў чалавека для далейшай праверкі ў выпадку іхнага звароту па «чырвоныя карткі», а таксама стварыць дадатковы ўзровень праверкі для чырвоных паведамленьняў, выдадзеных з краін, у якіх вяртаньне асобы можа завершыцца палітычным перасьледам.
Human Rights Watch рэкамэндуе Інтэрполу зьмяніць свой нарматыўны дакумэнт, які вызначае палітыку ў дачыненьні да ўцекачоў, каб ня толькі адхіляць ці выдаляць «чырвоныя карткі», але і пацьвярджаць статус асобы, якая шукае прытулку. На думку праваабаронцаў, гэтая арганізацыя таксама мусіць расьсьледаваць ранейшыя злоўжываньні сыстэмай Red Notice урадамі краін, якія парушаюць правы чалавека.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Human Rights Watch: улады Беларусі падвоілі намаганьні ў стварэньні інфармацыйнага вакуўму на тле ўзмацненьня рэпрэсій