ЦВК Беларусі заявіў пра «дастаткова высокую яўку»: паводле ведамства, у выбарах дэпутатаў ужо прынялі ўдзел 14,61% грамадзян, якія ўключаныя ў сьпісы для галасаваньня. Паводле ЦВК, найбольш высокая яўка ў Гомельскай вобласьці — 17,55%, за ёй — Магілёўская (15,61%), Берасьцейская (14,85%), Менская (14,76%), Віцебская (14,25%), Менск (13,8%) і Гарадзенская (10,57%).
Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя, на адным з рэпартажных фота дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА нават схавала асобы кандыдатаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі пачалося датэрміновае галасаваньне на выбарах дэпутатаў. Паводле ЦВК, яўка ў першы дзень паставіла рэкордРазам з тым дзеяньні выбарнікаў улады кантралююць максымальна: раней улады забаранілі фота- і відэаздымку запоўненага бюлетэня для галасаваньня. Цяпер праваабаронцы паведамляюць пра адсутнасьць шторак у кабінках для галасаваньня — верагодна, так улады вырашылі кантраляваць, каб выбарнікі не фатаграфавалі бюлетэні.
На фатаздымках з участка ў музкаледжы імя Шырмы ў кожнай кабінцы для галасаваньня вісіць папярэджаньне: «Забараняецца выносіць выдадзены бюлетэнь за межы памяшканьня для галасаваньня, а таксама ажыцьцяўляць фота- і відэаздымку запоўненага бюлетэня».
Праўладны тэлеграм-канал «Ведется наблюдение» паведаміў, што на адным з выбарчых участкаў чалавек паспрабаваў вынесьці два бюлетэні. Выбарчая камісія склала адпаведны акт і перадала інфармацыю «для далейшага разбору ў праваахоўныя органы». «Нагадваем: за вынас выдадзенага бюлетэня прадугледжаны штраф у памеры да 600 рублёў», — папярэдзілі ў праўладнай ініцыятыве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На адным з выбарчых участкаў спрабавалі вынесьці бюлетэнь: камісія паведаміла пра выпадак у міліцыюСілавікі напярэдадні правялі тактыка-спэцыяльныя заняткі, на якіх практыкаваліся затрымліваць тых, хто фатаграфуе выбарчыя бюлетэні, а таксама разганяць чэргі выбарнікаў ля выбарчых участкаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымлівалі за фота бюлетэняў, разганялі чэргі ля ўчасткаў: сілавікі патрэніраваліся працаваць на выбарахЯк ЦВК, так і дзяржаўныя СМІ рапартуюць пра нібыта «актыўны ўдзел моладзі ў датэрміновым галасаваньні». Так, «Светлагорскія навіны» ў якасьці ілюстрацыі прыводзяць «сьвядомы» выбар выпускніка Сьветлагорскага дзяржаўнага індустрыяльнага каледжа, камандзіра студэнцкага атраду «Сокал» Яўгена Карпушэнкі, для якога «цяперашняя выбарчая кампанія першая» і якому пасьля галасаваньня першая сакратарка раённага камітэта БРСМ Яна Ніцыеўская паднесла памятны падарунак, заўважылі праваабаронцы. Падарункі таксама былі прадугледжаныя і для іншых выбарнікаў, якія ўпершыню прыйшлі на выбарчы ўчастак.
Праваабаронцы паведамляюць і пра арганізаванае галасаваньне: так, футбалісты і трэнэры «Дынама-Брэст» строем прагаласавалі ў першы ж дзень датэрміновага галасаваньня.
Праваабаронцам стала вядома, што сілавікі затрымалі мужчыну, які нібыта хацеў «сарваць выбары». На «пакаяльным відэа» сілавікоў ён кажа, што з ім нібыта зьвязаліся людзі, якія хацелі, каб ён зьбіраў дадзеныя на чальцоў выбарчых камісій, а таксама «рыхтаваў людзей да назіральнай дзейнасьці і далейшых правакацый на ўчастках» і павінен быў здымаць відэа і дасылаць іх у «экстрэмісцкія рэсурсы» нібыта для «нагнятаньня сытуацыі ў краіне».
Таксама, як даведаліся праваабаронцы, у Бярозаўцы на 15 сутак Гражыну Гетку, якая была назіральніцай на выбарах 2020 году. У яе дома прайшоў ператрус. Затрыманьне адбылося 16 лютага, 19 людага яе судзілі, па якім артыкуле — невядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Масавае галасаваньне «хімікаў», тайныя сьпісы «нядобранадзейных»: праваабаронцы пра датэрміновае галасаваньне на Горадзеншчыне20 лютага праваабаронцам паведамлялі, што ў першы дзень галасаваньня многіх асуджаных да абмежаваньня волі ва ўстановах адкрытага тыпу Гарадзенскай вобласьці арганізавана пасадзілі ў транспарт і адвезьлі галасаваць на найбліжэйшыя выбарчыя ўчасткі, хаця ўсе «хімікі» маюць працу і ім было б зручней прагаласаваць у асноўны дзень галасаваньня, які прыпадае на нядзелю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Баевікі на выбарчым участку. Тлумачым, чаму сілавікі рыхтуюцца да выбараў як да ІІІ сусьветнай вайны. ВІДЭА- Адзіны дзень галасаваньня ў Беларусі адбудзецца 25 лютага 2024 году. Датэрміновае галасаваньне пачалося 20 лютага. Участкі для галасаваньня працуюць з 12:00 да 19:00 безь перапынку на абед. Афіцыйнага пацьверджаньня прычын, чаму выбарнік ня можа прагаласаваць у асноўны дзень правядзеньня выбараў, не патрабуецца. Увечары 20 лістапада ў ЦВК заявілі, што яўка выбарнікаў у першы дзень датэрміновага галасаваньня склала 5,94%.
- Яшчэ на стадыі падрыхтоўкі выбараў праваабарончыя арганізацыі выявілі на іх шматлікія парушэньні.
- Раней улады забаранілі фота- і відэаздымку запоўненага бюлетэня для галасаваньня. Сілавікі напярэдадні правялі тактыка-спэцыяльныя заняткі, на якіх практыкаваліся затрымліваць тых, хто фатаграфуе выбарчыя бюлетэні, а таксама разганяць чэргі выбарнікаў ля выбарчых участкаў.
Што трэба ведаць пра Адзіны дзень галасаваньня – 2024
- 25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.
- Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.
- Датэрміновае галасаваньне праходзіла з 20 па 24 лютага. ЦВК заявіла, што за 5 дзён датэрмінова прагаласавалі 41,71% грамадзян, якія ўключаныя ў сьпісы для галасаваньня.
- Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, як і апазыцыйных кандыдатаў. Прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя. На ўчастках узмацнілі ахову.
- Перадвыбарная агітацыя праходзіла з 31 студзеня па 24 лютага, рэгістрацыя кандыдатаў — з 16 студзеня да 30 студзеня.
- Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.
- Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.
- Улады вырашылі не запрашаць АБСЭ для назіраньня празь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за гэтую адмову.
- Кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў заявіў, што ў Вярхоўны суд падалі 6 скаргаў аб выбарах. Назіральнікі ад СНД прапанавалі іх лічыць «неабгрунтаванымі».
- Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.
- Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма: Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
- На гэтых выбарах няма і апазыцыйных кандыдатаў — да выбараў дапусьцілі толькі ляяльных рэжыму кандыдатаў. Паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, усе 12 скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 скаргі ў суды) адхілілі.
- Па выніках датэрміновага галасаваньня ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбарнікаў — 41,71%. Незалежныя назіральнікі называюць датэрміновае галасаваньне адным з мэханізмаў масавых фальсыфікацый.
- З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.