Аляксандар Лукашэнка прыляцеў у Казань (Татарстан), дзе ўвечары 21 лютага адбудзецца афіцыйная цырымонія адкрыцьця міжнароднага мультыспартовага турніру «Гульні будучыні – 2024», мультыспартовага турніру, заснаванага на спалучэньні фізычнай актыўнасьці, сучасных тэхналёгій і лічбавага асяродзьдзя. Спаборніцтвы адбудуцца ў 21 дысцыпліне з удзелам, як анансавалі арганізатары, «звыш 260 міжнародных камандаў і больш як 2000 удзельнікаў з розных краін сьвету».
У аэрапорце Лукашэнку сустракаў кіраўнік Татарстану Рустам Мініханаў.
Як паведаміла дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА, у аэрапорце адбыліся перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Рустама Мініханава.
«Магчыма, нават і добра, што вонкавыя абставіны нас падштурхнулі бліжэй адзін да аднаго. Мы перасталі спрачацца на роўным месцы. Мы зразумелі, што сяброў у нас увогуле няшмат (а можа быць, сапраўдных і ўвогуле няма) і што нам трэба сваё шчасьце ствараць самім», — сказаў Лукашэнка, ацэньваючы стасункі Расеі і Беларусі.
Сродкі масавай інфармацыі апублікавалі відэазапіс, на якім можна пабачыць, як Аляксандар Лукашэнка сходзіць з трапу самалёта.
Кіраўнік Татарстану ўзнагародзіў Аляксандра Лукашэнку ордэнам Дружбы, а той, у сваю чаргу, падараваў Рустаму Мініханаву «сваю залатую ручку з залатым пяром», якой ён зрабіў запіс у кнізе ганаровых гасьцей.
Перад сустрэчай з Лукашэнкам Рустам Мініханаў сустрэў першага віцэ-прэзыдэнта Зымбабве. Вядома таксама, што ў Казань прыляцелі прэзыдэнт Таджыкістану Эмамалі Рахмон і Казахстану Касым-Жамарт Такаеў.
Таксама ў сталіцу Татарстана праз час прыехаў прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін.
Падчас візыту Пуцін сярод іншага наведаў Казанскі авіяцыйны завод, дзе яму прадэманстравалі чатыры новыя ракетаносцы. Новы стратэгічны ракетаносец ТУ-160М Пуцін прапанаваў назваць імем першага прэзыдэнта Татарстана Мінцімера Шайміева.
У гэты ж час пасажыры казанскага аэрапорта скардзяцца, што з-за візыту кіраўнікоў суседніх дзяржаў у самалётах прыйшлося правесьці больш за паўтары гадзіны – бартам не давалі дазволу на ўзьлёт. Акрамя таго, у горадзе абмежавалі аўтамабільны рух, а таксама расчысьцілі сьнег на цэнтральных вуліцах.
Раней жыхары Татарстана скардзіліся на дрэнную ўборку дарог ад сьнега. У прыватнасьці, у Елабузе запатрабавалі зьмяніць мэра горада, а ў Нурлаце машына хуткай дапамогі затрымалася ў сьнезе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што апазыцыя нібыта рыхтуе дзяржаўны пераварот у Беларусі ў 2025 годзе ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка рыхтуецца да вайны. Навошта рэжым зноў і зноў застрашвае грамадзтва