Хроніка перасьледу 20 лютага: былога палітвязьня Кудзіка арыштавалі на 15 дзён

Суд у Менску, архіўнае фота

Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Былога палітвязьня Кудзіка зноў арыштавалі

Былы палітвязень Андрэй Кудзік адбывае 15-дзённы арышт, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня ў горадзе Вілейцы (Менская вобласьць). Паводле якога артыкулу ён атрымаў адміністрацыйнае пакараньне, невядома.

Кудзік перастаў выходзіць на сувязь 15 лютага. Незадоўга да таго, 9 лютага, суд Маладзечанскага раёна (Менская вобласьць) прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» кантэнт старонкі «Андрэй Кудзік» у TikTok.

Жыхар Вілейкі Андрэй Кудзік, 2020

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, актывіста зь Вілейкі «неаднаразова перасьледавалі за пікетаваньне і выказваньне сваёй грамадзянскай пазыцыі на працягу 2020 і 2021 гадоў: затрымлівалі, штрафавалі, арыштоўвалі».

У лютым 2022-га Кудзіка пакаралі двума гадамі пазбаўленьня волі паводле арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Ён ад дачы паказаньняў адмовіўся, віны не прызнаў. Выйшаў на волю 18 ліпеня 2023 году.

У кастрычніку 2023 году Кудзіка арыштоўвалі на 15 сутак «за віншаваньне Ўкраіны з Днём незалежнасьці» ў TikTok.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 19 лютага: У СІЗА Берасьця палітвязьня асудзілі на два гады калёніі

Менчука арыштавалі на 15 сутак з-за «Пагоні»

Жыхар Менска атрымаў 15 сутак арышту за «пікет» па тэлефоне. На чахле тэлефона была налепка з пагоняй, і гэта ўбачыў прахожы на вуліцы, які паскардзіўся ў выніку сілавым структурам Суд адбыўся 1 лютага.

Судзьдзя палічыў, што паколькі мужчына «прысутнічаў у грамадзкім месцы, дзе публічна выказваў свае грамадзка-палітычныя погляды, у тым ліку шляхам разьмяшчэньня налепкі з пратэставаў сымболікай на чахле мабільнага тэлефона, які дэманстраваў нявызначанаму колу асоб, даказана, што ён браў удзел у пікетаваньні».

Затрыманы не прызнаў віну. Ён сказаў, што знайшоў чахол з налепкай каля тыдня таму і хадзіў зь ім, забыўшыся зьняць налепку.

Менчука арыштавалі на 15 сутак. Чахол з налепкай суд пастанавіў зьнішчыць, а тэлефон вярнуць уладальніку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 14 лютага: затрымалі віцебскага блогера Ўсьціновіча, супрацоўніц «МТБанку» і берасьцейца, які вярнуўся з Польшчы

Пракурор запытаў 5 гадоў калёніі для айцішніка за данат у 13 даляраў

39-гадовага берасьцейца Аляксандра Сысоева судзяць па ч. 2 арт. 361-3 КК («Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраваньні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяньнях, вярбоўка або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу»). Суд адбываўся ў Берасьцейскім абласным судзе. Пракурор запытваў 5 гадоў калёніі. Прысуд абвясьцілі 14 лютага. Якое менавіта пакараньне прызначыў судзьдзя, невядома.

Сысоеў скончыў БДУІР у 2008 годзе па спэцыяльнасьці «штучны інтэлект». Ён жыў у Бярозе, займаўся распрацоўкай кампутэрнай гульні.

Мужчыну затрымалі ў ліпені 2023 года. Паводле абвінавачаньня, ён перавёў 12,91 даляра палку Каліноўскага праз Facebook, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 9 лютага: у Менску асудзілі мастачку; у Бабруйску сілавікі прыходзяць на назіральнікаў на выбарах 2020-га