Урад Расеі спрасьціў у рамках адпаведнай праграмы працэдуру добраахвотнага перасяленьня ў Расею, паведаміла 19 лютага прэс-служба пасольства гэтай дзяржавы ў Менску.
Для ўдзелу ў дзяржаўнай праграме «суайчыньнікам» цяпер ня прыйдзецца пацьвярджаць валоданьне расейскай мовай на ўзроўні, дастатковым для зносін.
Рашэньне закранае:
- грамадзян РФ, якія пастаянна пражываюць за мяжой;
- раней адмовіліся ад расейскага грамадзянства;
- якія нарадзіліся або пастаянна пражывалі на тэрыторыі РСФСР і якія якія мелі грамадзянства СССР;
- грамадзян, у якіх ёсьць сваякі, якія нарадзіліся або пастаянна пражывалі на тэрыторыі РСФСР альбо на тэрыторыі, якая адносілася да Расейскай імпэрыі ці СССР.
18 сьнежня Пуцін падпісаў указ, які спрашчае прыём у грамадзянства Расеі грамадзян Беларусі, Казахстану і Малдовы.
У адпаведнасьці зь ім, дзеяздольныя грамадзяне згаданых дзяржаў, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту, могуць падаць заяву аб прыёме ў грамадзянства РФ без уліку тэрміну іх пражываньня ў Расеі (ня менш за 5 гадоў для грамадзян іншых дзяржаў) з моманту атрыманьня дазволу на жыхарства, ведаў гісторыі і асноў заканадаўства краіны.
Грамадзянам Казахстану і Малдовы неабходна таксама падаваць дакумэнт, які пацьвярджае валоданьне расейскай мовай. Беларусы ад такога патрабаваньня вызваляліся, разам з заявай аб прыёме ў грамадзянства РФ ім трэба падаць толькі дазвол на жыхарства і дакумэнт, што сьведчыць іх асобу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новая міграцыйная палітыка Расеі закліканая прыцягваць беларусаў і ўкраінцаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці то васальная залежнасьць, ці то пратэктарат. Якую будучыню рыхтуе Пуцін Беларусі пасьля вайны