Суразмоўцы Ганны Соўсь — былая палітзьняволеная Вольга Класкоўская, якая адбыла ў ШЫЗА і ПКТ агулам амаль 5 месяцаў а таксама Андрэй Шарэнда, муж палітзьняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк, якую 32 разы зьмяшчалі ў ШЫЗА і карцары, якая правяла каля 150 дзён у памяшканьні камэрнага тыпу.
Глядзіце размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты гутаркі
«Дыктатары вучацца адзін у аднаго і робяць усё пад капірку»
— Якая была ваша першая рэакцыя на паведамленьні пра сьмерць расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага?
Вольга Класкоўская: Гэта шок і вялізны боль. Нельга параўноўваць пакуты людзей. Любы палітвязень у Расеі і Беларусі пакутуе. Беларускі рэжым забівае палітвязьняў павольна. Пра сьмерць Аляксея Навальнага шмат пішуць і гавораць замежныя мэдыя і заходнія палітыкі. Гібель беларускіх палітвязьняў, на жаль, не зьяўляецца тэмай дня ў эўрапейскіх мэдыя.
Андрэй Шарэнда: Калі чуеш навіны пра сьмерць чарговага палітвязьня (гэта тычыцца Беларусі і Расеі), асабліва вядомага чалавека, заўсёды пачынаеш міжвольна праецыраваць на сябе, на сваіх родных. Гэта вельмі цяжка і балюча. Сапраўды, нейкая роспач пачынаецца. Я асабіста разумею, што мая жонка Паліна знаходзіцца прыкладна ў такіх жа ўмовах, як Аляксей Навальны, як іншыя палітвязьні, што на іх аказваецца нечалавечы ціск. Гэты ціск, на жаль, узмацняецца. Ужо год як пачалося інкамунікада многіх палітвязьняў. Паўтара месяца мы ня маем ніводнай весткі ад Паліны, ня ведаем, што зь ёю цяпер і дзе яна ўвогуле. Дыктатары вучацца адзін у аднаго і робяць усё пад капірку. Тое, што адбылося з Навальным, паўтарае тое, што паўгода таму адбылося з Алесем Пушкіным, два гады таму зь Вітольдам Ашуркам. На жаль, чаканага рэальнага, рэзкага адказу на ўсё гэта мы пакуль ня бачым.
— Якая была рэакцыя іншых сваякоў палітвязьняў?
Андрэй Шарэнда: Збольшага ўсе мы разумеем, што адзінае выйсьце з сытуацыі, якая адбываецца з нашымі роднымі, — гэта ўзмацненьне ціску на дыктатара. Ён набірае ўсё больш закладнікаў. Гэта ня толькі паўтары тысячы, у рэальнасьці некалькі тысяч палітвязьняў. У Лукашэнкі ў закладніках зараз 9 мільёнаў беларусаў. Мы, родныя палітвязьняў, хочам данесьці, што трэба падвышаць ціск. Калі даць хоць трошкі слабіны дыктатару, ён зразумее сваю беспакаранасьць і будзе далей рабіць гвалт. Мы можам бачыць тады дзясяткі тысяч палітвязьняў. Тады можа вярнуцца 1937 год, калі людзей будуць проста расстрэльваць без суду і сьледзтва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што значыць сьмерць Навальнага для Расеі і Беларусі. Вынікі тыдня з Валерам Карбалевічам«Марыі Калесьнікавай зрабілася блага менавіта ў ШЫЗА. Вітольд Ашурак загінуў у ШЫЗА»
— Грамадзкую актывістку зь Берасьця Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі 3 студзеня 2021 году, яна атрымала два гады калёніі. У 2022 годзе ёй прысудзілі яшчэ адзін год калёніі, у 2023 годзе на Паліну завялі яшчэ адну крымінальную справу, агулам яна атрымала тэрмін у 4 гады зьняволеньня. На Паліну Шарэнду-Панасюк моцна ціснуць у турме: рэгулярна зьмяшчаюць у штрафны ізалятар, не перадаюць ёй прадуктовыя перадачы ад сваякоў і бандэролі зь лекамі. Я памятаю Паліну ў судзе, калі яна не прызнавала судом тое, што чыніцца. Паводзіны ў судзе Аляксея Навальнага былі нечым падобныя да Палініных, праўда, бачыць яго можна было часьцей. Чаго каштуюць палітвязьням такія бескампрамісныя паводзіны?
Андрэй Шарэнда: Найперш людзі ахвяруюць сваім здароўем. Нават адно зьмяшчэньне ў штрафны ізалятар — гэта калясальны ўдар па арганізму, пасьля якога трэба аднаўляцца некалькі гадоў. Аляксей Навальны перажыў 300 дзён у штрафным ізалятары, Паліна ідзе на 400 дзён ва ўмовах ШЫЗА і памяшканьня камэрнага тыпу. Гэта ў першую чаргу зламанае здароўе, зламанае жыцьцё. Калі ў дыктатара не атрымаецца зламаць чалавека псыхалягічна — мы бачым, што Аляксей Навальны і нашы палітвязьні Мікалай Статкевіч, Віктар Бабарыка, Сяргей Ціханоўскі не ламаюцца, — тады ў ход ідзе іншы мэтад: фізычны ціск. Тое самае адбывалася з Навальным.
— Вольга, вы сядзелі разам з Палінай, расказвалі калісьці ў інтэрвію, як дзяліліся зь ёю ежай зь перадачы, за што абедзьвюм пагражала ШЫЗА. Самі зьведалі ўмовы ШЫЗА, самой вам не аказвалі мэдычную дапамогу за кратамі. Раскажыце, як уплывае ШЫЗА, карцар на стан здароўя? Ці можа давесьці да сьмерці?
Вольга Класкоўская: Застаецца толькі спадзявацца на цуд, што чалавек адтуль вернецца жывым. Няма абсалютна здаровых людзей. Так ці інакш ёсьць нейкія захворваньні. Калі палітвязень трапляе за краты ў страшэнныя побытавыя ўмовы, ва ўмовы няспыннага псыхалягічнага ціску і адмысловага неаказваньня мэдычнай дапамогі, то рызыка страціць сваё жыцьцё яшчэ больш павялічваецца.
Што тычыцца ШЫЗА, то гэта страшнае катаваньне. Як вядома, Марыі Калесьнікавай зрабілася блага менавіта ў ШЫЗА. Вітольд Ашурак загінуў у ШЫЗА. Згадваю свой досьвед за кратамі. Я вельмі хварэла праз моцны стрэс. Шмат якія новыя захворваньні ў мяне зьявіліся ў ШЫЗА, шмат якія хранічныя пачалі прагрэсаваць. Гэтыя нялюдзкія ўмовы, катаваньне холадам, суцэльная ізаляцыя яшчэ больш дабілі маё здароўе. Я дагэтуль разграбаю наступствы. Літаральна нядаўна ў мяне была чарговая апэрацыя — гэта ўсё наступствы знаходжаньня ў ШЫЗА. Там пачынаюцца вялікія праблемы з нагамі, бо ты асабліва рухацца ня можаш. Зьявіліся вузлы на венах, давялося пасьля хірургічным шляхам выдаляць. У ШЫЗА, ПКТ, безь перабольшваньня магу сказаць, што кожны дзень цябе павольна забіваюць. Рэжым у Беларусі забівае павольна, але кожнага палітвязьня, і адбываецца гэта кожны дзень.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пачынаецца самая страшная фаза пуцінізму». Расейскі аналітык Марозаў пра гібель Навальнага«Колькасьць палітвязьняў у Расеі меншая, і ўвагі да іх больш»
— Паводле назіральнікаў, многія рэпрэсіўныя практыкі расейскі рэжым запазычвае ад рэжыму ў Беларусі, удасканаліўшы іх. Што да турэмных умоваў, то, відавочна, магчымасьці камунікацыі ў расейскіх турмах іншыя. Але ня час і не нагода мерыцца, дзе горш. Ці адрозьніваюцца беларускія і расейскія рэпрэсіўныя турэмныя практыкі, якія даводзяць да сьмерці палітвязьняў?
Андрэй Шарэнда: Тыя, з кім я размаўляў, кажуць, што ўмовы ў расейскіх турмах, як ні дзіўна, лепшыя, чым у беларускіх. Асабліва гэта тычыцца штрафных ізалятараў. Паводле ўмоваў утрыманьня ў расейскіх ШЫЗА можна карыстацца матрацам, гэта вялікая справа. Адна справа — спаць на голых дошках ці на бэтоннай падлозе, а іншая справа — на матрацы. Колькасьць палітвязьняў у Расеі меншая, і ўвагі да іх больш фактычна. За тым жа Аляксеем Навальным сачылі і журналісты, і гуманітарныя арганізацыі. І нават гэта не перашкодзіла ўладам проста забіць яго... У Беларусі ніякіх гуманітарных арганізацый не засталося. У нас сытуацыя нашмат горшая, чым у Расеі.
Вольга Класкоўская: Я таксама чула ад сваіх крыніцаў, што ў расейскіх ШЫЗА ўмовы больш чалавечыя, калі так можна сказаць, хоць гэта не зусім карэктна і этычна. Пра той жа матрац я чула. У ШЫЗА ў Беларусі ты замярзаеш, уначы ня можаш сагрэцца. І каб заснуць, мусіш рабіць практыкаваньні. Пасьля абуджаесься ад таго, што ты замерз, і зноў пачынаеш гэтыя практыкаваньні. Здароўе дабіваецца, псыхіка дабіваецца. Усё можа скончыцца трагедыяй.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.