Дзень роднай мовы, які будзе адзначацца 21 лютага, — «гэта сьвята, якое мы б не хацелі сьвяткаваць, таму што беларуская мова павінна гучаць кожны дзень і ўсё меней адчуваць патрэбу ў абароне, у клопаце», заявіла 19 лютага на прэс-канфэрэнцыі ў Менску галоўная рэдактарка дзяржаўнага часопіса «Роднае слова» Натальля Шапран.
Паводле яе слоў, беларуская мова «павінна адчуваць сабе як мага болей разьняволена і спакойна».
Шапран заклікала «кожную дзяржаўную ўстанову», якая зьвязаная з тэмай культуры і мовы, а таксама «кожны сродак масавай інфармацыі» «ствараць асяродак для панаваньня беларускай мовы».
Удзельнікі прэсавай канфэрэнцыі паведамілі пра выдадзеныя і плянаваныя да выданьня творы клясыкаў беларускай літаратуры, якія былі названыя «геніямі мастацкага слова».
Дырэктар Інстытуту літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі Іван Саверчанка адзначыў, што да 80-годзьдзя вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў выдадзеная кніга ваеннай прозы «нашага ўнікальнага пісьменьніка» Васіля Быкава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская мова ад перапісу да перапісуГалоўны рэдактар часопіса «Полымя» Віктар Шніп паведаміў пра публікацыю дзёньнікаў Уладзімера Караткевіча і анансаваў выхад ягонай «невядомай» да гэтага аповесьці.
- Разьвіцьцё беларускай мовы дзесяцігодзьдзямі было прэрагатывай грамадзкіх ініцыятыў і арганізацый. Пасьля сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году рэжым у Беларусі разгарнуў маштабныя рэпрэсіі, у выніку якіх было ліквідавана мноства арганізацый і ініцыятыў, якія разьвівалі беларускую культуру, у тым ліку Саюз беларускіх пісьменьнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтар, Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, шэраг прыватных выдавецтваў, якія спэцыялізаваліся на перакладах на беларускую мову і сучаснай беларускамоўнай літаратуры.
- У краіне праводзіцца палітыка русыфікацыі. Паводле перапісу насельніцтва, колькасьць беларусаў, якія лічаць сваёй роднай мовай беларускую, зьнізілася з 85,6% у 1999 годзе да 61,2% у 2019-м.
- Намінальна 40% школ у краіне беларускамоўныя, але навучаецца ў іх усяго каля 10% вучняў (крыху больш за 100 тысяч).
- Міжнародны дзень роднай мовы быў абвешчаны UNESCO ў 1999 годзе на прапанову Банглядэш. Сьвята мае на мэце заахвочваньне моўнай разнастайнасьці і шматмоўнай адукацыі, а таксама спрыяньне ўсьведамленьню моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменьні, цярпімасьці і дыялёгу. Дзень сьвяткаваньня — 21 лютага быў абраны таму, што ў гэты дзень у 1952 годзе загінулі пяць студэнтаў, якія змагаліся за наданьне бэнгальскай мове статусу дзяржаўнай у тагачасным Пакістане, усходняя частка якога пазьней стала незалежнай дзяржавай Банглядэш.