Журналістку Алену Шабуню завочна судзілі паводле двух адміністрацыйных артыкулаў

Алена Шабуня

Суд Першамайскага раёну Віцебску завочна разгледзеў справу журналісткі Алены Шабуні.

Яе абвінавачваюць паводле двух артыкулаў КаАП — 19.11 (распаўсюджваньне, выраб, захоўваньне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або прапагандуе такую дзейнасьць) і 24.23 (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў).

Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».

Як адзначае Беларуская асацыяцыя журналістаў, позва ў суд была выпісаная Шабуні на 21 лютага, але разгляд справы адбыўся 16 лютага. Рашэньне невядомае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У камісію для ахвочых вярнуцца ў Беларусь сёлета паступіла 12 заяў, рыхтуемся пазбаўляць эмігрантаў грамадзянства — генпракурор Швед

Паводле слоў журналісткі, якая цяпер пражывае за межамі Беларусі, пратаколы былі складзеныя пасьля вывучэньня яе сацсетак: за падпіску на «экстрэмісцкі» рэсурс ёй інкрымінавалі арт. 19.11, за фатаздымак з выявай бел-чырвона-белага сьцяга і сьцягоў Украіны і Польшчы — ч. 1 арт. 24.23.

«Наяўнасьць гэтага здымка расцанілі як «несанкцыянаванае пікетаваньне», — сказала Шабуня.

Справу журналісткі разглядаў судзьдзя Міхаіл Юрчанка, які яе судзіў у кастрычніку 2020 году за «ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве». Тады за асьвятленьне акцыі пратэсту для тэлеканала «Белсат» Шабуню аштрафавалі на 5 базавых велічынь.