Аб прысваеньні Лукашэнкам званьня генэрал-маёра міліцыі палкоўніку міліцыі Андрэю Паршыну паведаміла агенцтва БелТА.
Паршын стаў шырока вядомым тым, што страляў у падлеткаў у двары.
Да красавіка 2022 году Паршын узначальваў у МУС Галоўнае ўпраўленьне барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) – структуру, вядомую палітычным перасьледам іншадумцаў. Пасьля гэтага яго перавялі ў Дэпартамэнт забесьпячэньня апэратыўна-вышуковай дзейнасьці.
23 чэрвеня 2022 году ў менскім жылым комплексе «Каскад» у Фрунзэнскім раёне адбылася бойка з удзелам некалькіх чалавек, якая, як паведамлялі незалежныя СМІ, завяршылася стралянінай. Паводле відавочцаў, да інцыдэнту меў дачыненьне Андрэй Паршын. Ён спрабаваў разагнаць кампанію зь пяці падлеткаў, якія сядзелі каля пад’езда ягонага дома.
Пазьней праўладныя тэлеграм-каналы пацьвердзілі дачыненьне Паршына да інцыдэнту. Сьцьвярджалася, што ён стрэліў з траўматычнага пісталета ў «маладога чалавека Яўгена Ўладзімеравіча Д.», які напаў на яго і «выглядаў старэйшым за свае гады».
Пра пачатак якога-небудзь расьсьледаваньня па факце страляніны ў жылым комплексе не паведамлялася. Пазьней з бацькамі падлетка запісалі відэа, у якім яны ўсклалі адказнасьць за інцыдэнт на сына, ухвалілі прымяненьне Паршыным зброі і выбачыліся перад ім.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СМІ: У менскім ЖК «Каскад» адбылася страляніна, магчыма з удзелам былога кіраўніка ГУБАЗіК, пацярпеў падлетак