«Мяне не павінна было быць на гэтым месцы, я не павінна была запісваць гэта відэа. На маім месцы павінен быць іншы чалавек. Але гэтага чалавека забіў Уладзімір Пуцін», — заявіла Юлія Навальная.
Юлія Навальная адзначыла, што Пуцін адабраў самае дарагое, што ў яе было.
«Але яшчэ Пуцін забраў Навальнага ў вас. Разам зь ім ён захацеў забіць нашу надзею, нашу свабоду, нашу будучыню. Зьнішчыць і звесьці на нішто найлепшы доказ таго, што Расея можа быць іншай, што мы моцныя, што мы адважныя і хочам жыць па-іншаму... Усе гэтыя гады я была побач з Аляксеем. Але сёньня я хачу быць побач з вамі, таму што я ведаю, што вы страцілі ня менш, чым я», — заявіла Юлія Навальная.
Яна сказала, што Пуцін забіў Аляксея тры дні таму, і абяцала высьветліць падрабязнасьці здарэньня.
«Мы абавязкова даведаемся, хто менавіта і як менавіта выканаў гэтае злачынства. Мы назавём прозьвішчы і пакажам асобаў», — паабяцала Навальная.
«Аляксей верыў у сваю краіну, верыў у нашу сілу, у тое, што мы вартыя лепшай будучыні. Настолькі моцна верыў, што быў гатовы аддаць за гэта сваё жыцьцё, — сказала Юлія. — Неймаверная ахвяра, якую ён прынёс, не павінна быць марнай».
- Расейскія ўлады паведамілі пра раптоўную сьмерць Навальнага ў калёніі 16 лютага.
- Тады ж паведамленьні пракамэнтавалі лідэры краінаў Захаду. Многія зь іх, акрамя выказваньня спачуваньняў, таксама ўсклалі адказнасьць за сьмерць апазыцыянэра на расейскія ўлады і асабіста прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, падкрэсьліўшы, што Навальны спачатку быў атручаны, меркавана на загад расейскіх уладаў, а потым, па вяртаньні ў Расею, кінуты за краты за сваю апазыцыйную дзейнасьць.
- Краіны «групы сямі» заклікалі Маскву старанна расьсьледаваць і апублікаваць акалічнасьці гібелі палітыка.
- З моманту, калі ўпраўленьне службы выкананьня пакараньняў Расеі па Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе паведаміла пра сьмерць Аляксея Навальнага, у Сьледчы камітэт Расеі накіравалі 46 464 запыты аб выдачы цела палітыка сваякам.
- У морг Салехарда, дзе павінна знаходзіцца яго цела, не пускаюць маці і адвакатаў Аляксея Навальнага. Пра гэта паведаміла прэс-сакратарка палітыка Кіра Ярмыш.
- Расьсьледаваньне абставінаў гібелі Навальнага падоўжылі; колькі яно працягнецца, невядома, пра гэта маці палітыка паведамілі ў Сьледчым камітэце Расеі.
- «Прычына сьмерці пакуль „нявызначаная“. Хлусяць, марнуюць час і нават не хаваюць гэтага», — напісала прэс-сакратарка Навальнага Кіра Ярмыш.
- Як адзначае «ОВД-Инфо», працэсуальная праверка Сьледчага камітэту па факце сьмерці Навальнага дазваляе адтэрмінаваць выдачу яго цела сваякам на 30 дзён. Калі завядуць крымінальную справу, труп могуць не аддаваць і даўжэй.
- Раней «Медиазона» публікавала відэа з камэр відэаназіраньня, усталяваных на пераезьдзе паміж Лабытнанга і Салехардам, у ноч на 17 лютага камэры фіксавалі рух картэжа ФСІН па пераезьдзе. Па словах журналістаў, знойдзенае імі відэа сьведчыць аб тым, што цела Навальнага спэцыяльна хавалі ад сваякоў.