Як адзначыў галоўны дарадца дэмакратычнай лідэркі Беларусі Франак Вячорка, Акт аб дэмакратыі ў Беларусі ўжо рыхтуецца да разгляду ў абедзьвюх палатах Кангрэсу ЗША.
Паводле слоў Вячоркі, Ціханоўская правяла сустрэчы з былым сьпікерам Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэласі, кіраўніком дэмакратычнай фракцыі ў Палаце прадстаўнікоў Хакімам Джэфрысам, сустаршынём беларускага кокусу (парлямэнцкай групы) у Палаты прадстаўнікоў Джо Уілсанам, сустаршынёй беларускага кокусу ў Сэнаце Джын Шахін, сэнатарам Дэнам Саліванам і іншымі.
Таксама падчас сустрэч абмяркоўвалася пытаньне прызначэньня спэцпасланьніка, якое «павінна адбыцца найбліжэйшым часам», сказаў Вячорка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ў Мюнхэне: сустрэчы з Гілары Клінтан і Блінкенам, з кіраўніцтвам Signal і ChatGPTІншымі тэмамі, паводле яго слоў, былі падтрымка незалежных СМІ, грамадзянскай супольнасьці, прыцягненьне рэжыму Аляксандра Лукашэнкі да адказнасьці ў Міжнародным крымінальным судзе і судзе ААН, а таксама «больш эфэктыўныя санкцыі супраць рэжыму і закрыцьцё шчылін, якія выкарыстоўваюцца для іх абыходу».
«Ціханоўская прапанавала пры прыняцьці санкцый ясна прамаўляць патрабаваньне вызваленьня палітвязьняў. Яна зьвярнула ўвагу на крытычную сытуацыю з палітвязьнямі, якія знаходзяцца ў цяжкім стане і інфармацыйнай ізаляцыі. Палітык адзначыла, што на фоне сьмерці Навальнага неабходна прыняць усе меры па іх вызваленьні і як мінімум дамагацца допуску для адвакатаў і родных», — удакладніў Франак Вячорка.
Акрамя гэтага, былі абмеркаваныя тэмы «магчымых санкцый супраць Расеі і рэжыму Лукашэнкі за падрыў беларускага сувэрэнітэту і саўдзел у ваенных злачынствах» і «правядзеньне беларуска-амэрыканскай канфэрэнцыі высокага ўзроўню», на якой Ціханоўская прапанавала «абмеркаваць стратэгію і доўгатэрміновае супрацоўніцтва паміж амэрыканскім урадам, Кангрэсам і дэмакратычнымі сіламі».
Што такое «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі»
- Акт аб дэмакратыі ў Беларусі ўпершыню прынялі ў 2004 годзе пасьля таго, як Аляксандр Лукашэнка правёў рэфэрэндум, які дазволіў аднаму чалавеку (дэ-факта самому Лукашэнку) выбірацца прэзыдэнтам неабмежаваную колькасьць разоў. Дакумэнт абнаўлялі ў 2006, 2011 і 2020 гадах у сувязі з прэзыдэнцкімі выбарамі і рэпрэсіямі, якія іх суправаджалі.
- У прынятым у 2020 годзе дакумэнце падкрэсьлівалася, што Лукашэнка ня ёсьць легітымным прэзыдэнтам Беларусі, а Каардынацыйная рада называлася «легітымным інстытутам для ўдзелу ў дыялёгу аб мірнай перадачы ўлады». Дакумэнт пашырыў магчымасьці ЗША для санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі, дапамогі беларускай грамадзянскай супольнасьці і незалежным СМІ.
- Дакумэнт пашырае магчымасьці ЗША для санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі, дапамогі беларускай грамадзянскай супольнасьці і незалежным СМІ, жанчынам, якія «выступаюць за свабоду і правы чалавека», палітычным уцекачам, якія ратуюцца ад рэпрэсій у Беларусі, не прызнае легітымнасьць Лукашэнкі і прадугледжвае каардынацыю палітыкі ЗША ў дачыненьні да Беларусі зь іншымі краінамі.
- Раней Вячорка паведамляў, што Акт аб дэмакратыі ў Беларусі з папраўкамі можа быць прыняты ў пачатку гэтага году.
Што гаворыцца ў «Акце аб дэмакратыі ў Беларусі»
Амэрыканскі акт аб дэмакратыі ў Беларусі:
- заклікае да правядзеньня новых прэзыдэнцкіх выбараў;
- прызнае Каардынацыйную раду, створаную з ініцыятывы экс-кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай, у якасьці легітымнага інстытуту для ўдзелу ў дыялёгу аб мірнай перадачы ўлады;
- заклікае да вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных;
- падтрымлівае імкненьне беларускага народу да свабоды веравызнаньня;
- прадугледжвае аказаньне дапамогі ў прасоўваньні дэмакратыі і падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці;
- недвухсэнсоўна заяўляе пра палітыку ЗША ў справе «непрызнаньня ўключэньня Беларусі ў „саюзную дзяржаву“ з Расеяй»;
- заклікае да распрацаваньня стратэгіі ЗША ў справе разьвіцьця тэле- і радыёперадаваньня, свабоды інтэрнэту і доступу да інфармацыі;
- прадугледжвае падтрымку беларускіх СМІ і IT-сэктару.