У рамках канфэрэнцыі Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з былой дзяржсакратаркай ЗША і экс-першай лэдзі Гілары Клінтан. Яны абмеркавалі драматычную сытуацыю зь беларускімі палітвязьнямі на фоне сьмерці Аляксея Навальнага, а таксама нядаўна запушчаны стратэгічны дыялёг паміж Беларусьсю і ЗША і плянаванае прызначэньне спэцпасланьніка па Беларусі, паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.
Гілары Клінтан зьвярнула асаблівую ўвагу на тэму вывазу украінскіх дзяцей рэжымам Лукашэнкі і прапанавала дапамогу ў прасоўваньні тэмы прыцягненьня рэжыму да адказнасьці. Клінтан запрасіла Ціханоўскую далучыцца да мерапрыемстваў Clinton Global Initiative і прапанавала дапамогу ў прасоўваньні беларускай павесткі ў ЗША і сьвеце.
Падчас сустрэчы з Клінтан Ціханоўская сказала, што ў яе ёсьць невялікі сюрпрыз: відэахроніка яе візыту ў Менск у 1994 годзе, калі Клінтан разам з жонкай Шушкевіча развозілі гуманітарную дапамогу па дзіцячых бальніцах і сустракаліся з кіраўніком балетнай трупы Нацыянальнага тэатра Валянцінам Елізар’евым. Клінтан адрэагавала эмацыйна і сказала, што раней ня бачыла гэтае відэа:
Ціхноўская ўзяла ўдзел у панэльнай дыскусіі, прысьвечанай грамадзянскаму супраціву і ролі жанчын у барацьбе за дэмакратыю, мадэратаркай на якой выступіла Гілары Клінтан.
Дыскусія ўваходзіла ў асноўную праграму Форума і «выклікала велізарны ажыятаж з прычыны актуальнасьці тэмы і аўтарытэтных сьпікерак», адзначае прэс-служба Ціханоўскай. У ёй у прыватнасьці ўдзельнічалі Нобэлеўская ляўрэатка Марыя Рэса, лідарка жаночых пратэстаў у Іране Масіх Алінежад і Зін Ма Аўн, міністарка замежных спраў М’янмы ў выгнаньні.
Падчас дыскусіі Ціханоўская падкрэсьліла, што хоча, «каб сьвет зразумеў, што дыктатараў нельга перавыхаваць і зь імі нельга заключаць пагадненьняў», бо гэта толькі «надасьць ім сілаў і час нарасьціць патэнцыял і ўдарыць з большай сілай». Асобна Ціханоўская ўзьняла пытаньні прыцягненьня рэжыму Лукашэнкі да адказнасьці за вываз украінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі.
На палях Мюнхэнскай канфэрэнцыі аб бясьпецы ў Сьвятланы Ціханоўскай адбылася кароткая сустрэча з дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам. Падчас яе Ціханоўская падзякавала ЗША за падтрымку дэмакратычнай Беларусі і адзначыла, што «ў рэгіёне ня можа быць міру без вырашэння сытуацыі ў Беларусі».
Акрамя гэтага, на палях канфэрэнцыі Ціханоўская на паразмаўляла зь лідарам дэмакратаў у Палаце прадстаўнікоў ЗША Хакімам Джэфрызам і надзела яму на руку бел-чырвона-белую стужку, піша «Белсат».
Таксама падчас Мюнхэнскай канфэрэнцыі аб бясьпецы Ціханоўская правяла перамовы з Мэрэдыт Уітакер, прэзыдэнткай фонду Signal, якому належыць папулярны мэсэнджэр. Ціханоўская распавяла пра пагрозы, зь якімі сутыкацыюцца беларусы ўнутры краіны, і перадала шэраг прапановаў ад беларускіх актывістаў і праваабаронцаў, скіраваных на паляпшэньне бясьпекі мэсэнджэра і зручнасьці карыстаньня ім у Беларусі. Таксама абмеркавалі магчымасьць увядзеньня на Signal інструмэта «каналаў», як гэта зроблена ў Тэлеграм, і беларускамоўную лякалізацыю Signal.
Мэрэдыт Уітакер паабяцала разгледзець прапановы ў найбліжэйшым часе, а таксама вызначыць кантактную асобу, якая будзе камунікаваць па беларускіх запытах. Ціханоўская папрасіла яе запрашаць беларускіх праваабаронцаў і экспэртаў на міжнародныя падзеі і форумы, зьвязаныя зь бясьпекай і камунікацыяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская на Мюнхэнскай канфэрэнцыі: Дыктатары вучацца выкарыстоўваць тэхналёгіі для перасьледу апанэнтаўТаксама Ціханоўская правяла асобную сустрэчу зь віцэ-прэзыдэнткай OPENAI Аннай Маканджу. Падчас сустрэчы размаўлялі пра бясплатны ці льготны доступ да ChatGPT4 для беларускіх недзяржаўных арганізацыяў і мэдыяў, курсы па карыстаньні ChatGPT для журналістаў і актывістаў, у тым ліку па выяўленьні дэзінфармацыі, і ўключэньне беларусаў у працу па паляпшэньні беларускамоўнай мадэлі ChatGPT.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы Ціханоўская абмяркуе пытаньні Беларусі з прадстаўнікамі NATO